Tribuna/Хакей/Блогі/Ізраіль праз вайну з ХАМАС то прыбіралі з хакея, то вярталі. Вось якім бокам тут чэмпіён Беларусі, які браў еўракубак з «Юнацтвам»

Ізраіль праз вайну з ХАМАС то прыбіралі з хакея, то вярталі. Вось якім бокам тут чэмпіён Беларусі, які браў еўракубак з «Юнацтвам»

Фармулёўкі – як пра Беларусь.

17 студзеня, 10:24
Ізраіль праз вайну з ХАМАС то прыбіралі з хакея, то вярталі. Вось якім бокам тут чэмпіён Беларусі, які браў еўракубак з «Юнацтвам»

11 студзеня Міжнародная федэрацыя хакея (ІІХФ) прыняла рашэнне адхіліць зборныя Ізраіля ад усіх турніраў пад сваёй эгідай. Сваю пазіцыю там аргументавалі клопатам пра бяспеку ўсіх удзельнікаў спаборніцтваў. Абгрунтаванне вельмі нагадвала афіцыйную прычыну, па якой Мінск пазбавілі права на правядзенне ЧС-2021.

Нагадаем, што 7 кастрычніка мінулага года баевікі тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС атакавалі Ізраіль. Урад апошняга ўвёў ваеннае становішча ўпершыню з 1973 года і цяпер праводзіць вайсковую аперацыю на тэрыторыю Сектара Газа, дзе ХАМАС базуецца і карыстаецца шырокай падтрымкай.

12 студзеня ІІХФ выпусціла дадатковае тлумачэнне свайго рашэння, у якім паведаміла, што прынятыя захады не з'яўляюцца санкцыямі супраць Ізраіля. Таксама ў арганізацыі паведамілі, што плануюць збіраць Савет у лютым і сакавіку для «ацэнкі сітуацыі» па допуску зборнай Ізраіля на ЧС у красавіку. Яшчэ там была інфармацыя, што рашэнне пра адхіленне непасрэдна ўплывае пакуль толькі на зборную U-20, якая выступае ў трэцім дывізіёне групы А. Сам турнір, які пройдзе з 22 па 29 студзеня, першапачаткова планавалася правесці ў Ізраілі, але праз існуючыя праблемы з бяспекай ён быў перанесены ў Балгарыю.

Аднак ужо 17 студзеня ІІХФ часткова перагледзела сваё рашэнне. Зборная Ізраіля U-20 усё ж такі згуляе на ЧС дзякуючы таму, што ў Міжнародную федэрацыю хакея паступіла «неабходнае пацвярджэнне падтрымкі бяспекі» ад Міністэрства моладзі і спорту Балгарыі і Арганізацыйнага камітэта.

Цікава, што ў трэнерскі штаб зборнай Ізраіля да 20 гадоў падчас падрыхтоўкі да мінулага ЧС уваходзіў Міхаіл Шыбанаў - экс-брамнік паспеў пагуляць у экстралізе за «Віцебск», «Шахцёр» (з ім станавіўся чэмпіёнам), «Юнацтва» (і з ёй браў золата, а таксама перамагаў у Кантынентальным кубку) і «Ліду». У 2018-м ён завяршыў кар'еру і пачаў працаваць трэнерам. У інтэрвʼю расказваў, што рыхтаваў галкіпераў з КХЛ і НХЛ. У прыватнасці, нібыта працаваў з расійскім брамнікам «Арызоны» Іванам Прасветавым.

Аднак не толькі ў камандзе U-20 быў запатрабаваны Шыбанаў. Ён таксама ўваходзіў у трэнерскі штаб ізраільскай зборнай U-18 і жаночай нацыяналкі, з якой у мінулым годзе выйграў срэбныя медалі трэцяга дывізіёна ў групе B.

Шыбанаў мае беларускі пашпарт, але сам нарадзіўся ў Расіі і з'язляецца выхаванцам казанскага хакея.

Занепакоенасць у сувязі з адхіленнем Ізраіля выказалі ў НХЛ. Там заклікалі як мага хутчэй разабрацца ў сітуацыі і дапусціць ізраільскія зборныя да міжнародных спаборніцтваў.

Дарослая зборная Ізраіля выступае ў другім дывізіёне ў групе B. Сёлета турнір пройдзе ў Бялградзе з 21 па 27 красавіка. Яе супернікамі мусяць стаць каманды Сербіі, Грузіі, Харватыі, Аўстраліі і ААЭ. Кіраўніцтва гэтых краін займала розную пазіцыю ў адносінах да блізкаўсходняга канфлікту. Прэзідэнт Харватыі Зоран Міланавіч крытыкаваў Ізраіль за ўдары па сектары Газа і называў рашэнне МЗС яго краіны вывесіць ізраільскі сцяг ля свайго будынка ідыёцкім. Лідар Сербіі Аляксандр Вучыч асудзіў атаку ХАМАС на Ізраіль. Грузія выказала поўную салідарнасць з Ізраілем. Аўстралія асудзіла атаку ХАМАС, але пазней таксама асудзіла і ўдары з боку Ізраіля па Сектару Газа. ААЭ імкнуцца захоўваць нейтралітэт і заклікаюць бакі да спынення агню.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты