Tribuna/Хакей/Блогі/З кім «Дынама» гуляць у плэй-оф КХЛ: у сезоне з імі нуль ачкоў, бамбардзір пабіў рэкорд, экс-дырэктар «зуброў» супраць сына

З кім «Дынама» гуляць у плэй-оф КХЛ: у сезоне з імі нуль ачкоў, бамбардзір пабіў рэкорд, экс-дырэктар «зуброў» супраць сына

Слабых месцаў мала, але ёсць.

Аўтар — bytribuna com
27 лютага, 06:00
З кім «Дынама» гуляць у плэй-оф КХЛ: у сезоне з імі нуль ачкоў, бамбардзір пабіў рэкорд, экс-дырэктар «зуброў» супраць сына

У КХЛ скончаны рэгулярны сезон. Яшчэ за тыдзень да гэтага ўсё ішло да таго, што мiнскае «Дынама» чацвёрты раз запар згуляе ў плэй-оф супраць СКА. Аднак піцерцы ў трох заключных матчах рэгуляркі змаглі выйграць толькі ў беларускай каманды, і толькі адной перамогi для выніковага першага месца ў табліцы Захаду не хапіла, як бы ні гераізаваў трэнер-алігарх Раман Ратэнберг.

Дрэнным фінішам канкурэнтаў скарысталася маскоўскае «Дынама» – і гэта першы выпадак за 10 гадоў, калі Кубак Кантынента за поспех у «рэгулярцы» ўзялі не СКА з ЦСКА. Адпаведна, на старце розыгрышу Кубка Гагарына здарыцца серыя паміж двума «Дынама». У «зуброў» ужо ёсць такі вопыт – увесну 2012-га яны прайгралі масквічам 4:0, а тыя неўзабаве ўпершыню ў гісторыі ўзялі трафей. Будучая серыя стартуе 1 сакавіка ў Маскве – а мінчанам, магчыма, давядзецца гуляць у Бабруйску, як і 12 гадоў таму.

Калі выходзіш у плэй-оф з восьмага месца Захаду, што «зубры» робяць трэці год запар, лёгкага суперніка быць не можа па змаўчанні. Але вось чым асабліва вылучаецца маскоўскае «Дынама».

Нязручны супернік

Галоўны трэнер масквічоў Аляксей Кудашоў паставіў камандзе рацыянальны хакей: яна часта гуляе па ліку і рэдка вялікімі сіламі ідзе наперад. Па ходзе рэгуляркі Дзмітрыю Квартальнаву так і не ўдалося нічога супрацьпаставіць масквічам. Мінчане выглядалі не горшымі за суперніка, але прайгралі ўсе чатыры матчы. У двух выпадках каманда Кудашова перамагала з мінімальнай перавагай 2:1 у асноўны час. Яшчэ двойчы «зубры» былі абыграныя 4:1 – пры гэтым масквічы пачыналі адрывацца толькі ў заключным перыядзе. А ў трох вочных матчах мінчане яшчэ і наносілі больш кідкоў па варотах, чым масквічы. У многім перамогі расіян атрымліваліся дзякуючы ўменню чакаць памылак супернікаў і выкарыстоўваць свае моманты.

«Некаторым іншым камандам мы таксама прайгравалі па чатыры гульні. Не знайшлі ключы, каб пераламiць», – казаў Квартальнаў з нагоды перамог маскоўскіх аднаклубнікаў і дадаваў, што перамагаў той, хто менш памыляўся.

Таксама адзначым, што адыграцца ў канцоўцы супраць масквічоў складана – расійскі клуб прапускае менш за ўсіх у лізе пасля 40-й хвіліны (43 шайбы ў 68 матчах).

Амаль рэкордная рэалізацыя большасці

Масквічы ў бягучым сезоне дэманструюць адметную рэалізацыю большасці. У ёй дынамаўцы закінулі 74 шайбы – 34,4% ад агульнай колькасці (мінчанам удалося толькі 39, гэта сёмы з канца паказчык па КХЛ). Дзесяць вынiковых кідкоў на рахунку былога мінчанiна Седрыка Пакетта. Перспектыва згуляць супраць экс-аднаклубніка ўзрадавала Ніка Мёрклі, таму што канадцы падтрымліваюць перапіску, аднак на пляцоўцы гэта суперніцтва нічога добрага «зубрам» не абяцае.

Маскоўскае «Дынама» рэалізавала 30,7% выдаленняў супернікаў. Да абсалютнага рэкорду КХЛ не хапіла зусім няшмат – па выніках рэгуляркі-2016/17 у «Магніткі» было 30,9%. Пры гэтым мінскае «Дынама» стала другім у КХЛ па колькасці двуххвілінных штрафаў – 276, у сярэднім больш за чатыры за гульню. Падапечныя Квартальнава маюць 10-ы па лізе паказчык па прапушчаных у меншасці шайбах – 45 штук.

Маскоўскае «Дынама» добра выглядае ў сілавой барацьбе. Дзякуючы гэтаму каманда часта разбівае матчы на эпізоды, не дазваляючы суперніку падвышаць хуткасць гульні. Калі ж апанентам удаецца навязаць свой тэмп і пачаць ціск на дынамаўскія вароты, тады ў падапечных Кудашова пачынаюцца праблемы. Зрэшты, у гэтым цяперашнія мінчане не моцныя.

Крутая тройка атакі

Якасна склад расiйскага «Дынама» выглядае значна мацней, чым беларускага. Дапамагла ў гэтым і пісьменная селекцыя мінулым летам. З Мінска прыехаў згаданы Пакет, у СКА ўдалося забраць абаронцу Ігара Ажыганава і форварда Мікіту Гусева, а ў «Северсталі» – дэфа Данііла Пылянкова. Без пералічаных хакеістаў цяпер цяжка ўявіць верхнія звёны дынамаўцаў.

Пакет і Гусеў разам з канадцам Джорданам Уілам стварылі адну з самых эфектыўных троек атакi КХЛ. Гусеў не толькі стаў найлепшым бамбардзірам і асістэнтам рэгуляркі, але і набраў рэкордную колькасць ачкоў у гісторыі лігі за адзін гладкі чэмпіянат, выбіўшы 89 (23+66) балаў у 68 матчах. Уіл заняў чацвёртае месца ў спісе бамбардзіраў і пятае сярод снайпераў – 77 (30 +47) балаў у 66 гульнях. У Пакета статыстыка выйшла сціплейшай – 35 (22+13) ачкоў у 57 матчах. Перашкодзіла і траўма, атрыманая ў пачатку лютага. Прагназавалася, што Седрык вернецца на лёд у канцы месяца, аднак навін пра вывад са спісу траўміраваных да гэтага часу не прыходзіла.

Некалькі людзей з Беларусі – нават бацька гульца «зуброў»

У складзе пераможцы рэгуляркі ёсць і людзі з Беларусі. З гульцоў самы прыкметны – 32-гадовы абаронца Кірыл Гатавец. Былы мінскі дынамавец мае пяты айстайм сярод дэфаў (16:13) і набраў 5 (0+5) ачкоў у 48 паядынках.

45 матчаў у рэгулярцы правёў ураджэнец Жлобіна з расійскім пашпартам Ягор Рымашэўскі. У іх 19-гадоваму хакеісту ўдалося набраць 14 (5+9) ачкоў. У сярэднім на лёдзе Рымашэўскі не праводзіць і дзевяці хвілін, з'яўляючыся ў стрымліваючых тройках атакі.

Мінулым летам пасля двух чэмпіёнстваў са жлобінскім «Металургам» у Маскву пераехаў яшчэ адзін жлобінец Арцём Волчанкаў. Аднак за «Дынама» 22-гадовы беларускі абаронца правёў толькі два матчы, у асноўным гуляючы за фарм у ВХЛ. У сярэдзіне студзеня Волчанкаў атрымаў траўму верхняй часткі цела, з-за чаго прыйшлося класціся на аперацыйны стол. Арыентыровачна Арцём вернецца на лёд у канцы сакавіка.

Перад стартам сезона-2023/24 генеральным дырэктарам маскоўскага «Дынама» стаў падпісант за рэжым Сяргей Сушко, які да гэтага два гады працаваў на аналагічнай пасадзе ў «зуброў». За мінчан гуляе старэйшы сын функцыянера Ілля Сушко – таксама падпісант за Лукашэнку. Абаронца не мае ў Квартальнава стабільнай гульнявой практыкі. Калі дэф з'яўляецца на лёдзе, то звычайна ў чацвёртай пары. У рэгулярцы-2023/24 Сушко-малодшы правёў 23 матчы і набраў 1 (0+1) ачко пра сярэднім айстайме 8:28.

У трэнерскім штабе масквічоў трэці сезон аналітыкам працуе Аляксей Скабелка – сын беларускага коўча Андрэя Скабелкі.

Ёсць слабыя месцы

Пры ўсіх моцных баках масквічоў у іх гульні ёсць моманты, якімі могуць скарыстацца «зубры». У мінулым плэй-оф падапечныя Кудашова правалілі другую палову серыі першага раўнда з «Тарпеда». Дынамаўцы вялі па матчах 2-1, аднак затым прайгралі тры сустрэчы запар – прычым кожны раз у авертайме. Прычына гэтага здольная крыцца і ў псіхалогіі – магчыма, «Дынама» не справілася са статусам фаварыта. Мінчане ж – відавочныя аўтсайдары, якім няма чаго губляць.

У масквічоў ёсць пытанні па пазіцыі брамнiка. Па ходзе рэгуляркі не найлепшую гульню паказваў Ілля Канавалаў. Часам кіпер не выратоўваў каманду ў дастаткова простых эпізодах. У 42 матчах расiянiн адбіў 92,1% кідкоў, што з'яўляецца толькі 27-м паказчыкам па лізе.

У лютым Канавалаў пачаў прыкладна пароўну дзяліць гульнявы час з бэкапам Максімам Матарыгіным. Ён у свой 21 год праводзіць дэбютны сезон у КХЛ. Матарыгін выходзіў у 28 матчах і адбіў 91,7% кідкоў (33-і ў КХЛ). За рэгулярку дынамаўцы прапусцілі 160 шайб. Зрэшты, на Захадзе лепш у абароне гулялі толькі СКА і «Лакаматыў» (па 139). Ды і ў мінчан усё яшчэ горш: 178 прапушчаных шайб, Аляксей Коласаў за 47 матчаў адбіў 90,7% кідкоў (49-ы ў КХЛ), Дылан Фергюсан у 23 гульнях – 90,4% (53-i).

У мінчан не вераць

Эксперты не чакаюць у дынамаўскім дэрбі сенсацыі, у адзін голас аддаючы перавагу масквічам. Аднак і не выключаюць, што «зубрам» па сілах узяць адзін-два матчы. Для гэтага мінчанам неабходна знайсці стабільнасць у сваёй гульні, аказваць пастаянны націск на чужыя вароты і рэалізоўваць моманты.

Вядома, шмат чаго залежыць і ад гульні Коласава. Калі беларускі кіпер пакажа хакей са сваіх найлепшых матчаў, гэта моцна дапаможа «зубрам».

Мінчане ў мiнулай рэгулярцы часцей за ўсіх закідвалі ў меншасці. За гладкі чэмпіянат у каманды назбіралася 12 такіх шайб. А масквічы маюць сумны досвед прапушчаных у большасці – у «бела-сініх» сярэдні для лігі паказчык у шэсць шайб.

Генеральны дырэктар мінскага «Дынама» Арцём Каркоцкі ўпэўнены, што яго камандзе дапаможа моладзь.

«Часта ў плэй-оф на лідзіруючыя пазіцыі выходзяць гульцы трэцяга-чацвёртага звяна. Якраз там гуляюць нашы маладыя хакеісты. Мы спадзяемся, што мадэль з дасведчанымі гульцамі і моладдзю прынясе нам плён, менавіта гэта і дасць нам імпульс у плэй-оф», – сказаў Каркоцкі ў эфіры дзяржТБ.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты