Tribuna/Хакей/Блогі/У «Дынама» зладзiлi самую вялiкую «прыпiску» гледачоў у гiсторыi – «зубры» падкалолi алiгарха, якi прагне рэкордаў

У «Дынама» зладзiлi самую вялiкую «прыпiску» гледачоў у гiсторыi – «зубры» падкалолi алiгарха, якi прагне рэкордаў

Пажартавалi i каментатары.

7 сакавіка, 18:30
У «Дынама» зладзiлi самую вялiкую «прыпiску» гледачоў у гiсторыi – «зубры» падкалолi алiгарха, якi прагне рэкордаў

Мінскае «Дынама» ўсё ж змагло адолець маскоўскае. 6 сакавіка падапечныя Дзмітрыя Квартальнава дабіліся першай за сем матчаў сезона перамогi (3:1) ды зрабiлi 1-2 па матчах серыі плэй-оф КХЛ.

У пратаколе першага дамашняга паядынку «зуброў» у плэй-оф зафiксавалi аншлаг – 15086 чалавек, максiмум для «Мiнск-Арэны». На фатаграфіях сапраўды складана знайсці вольнае крэсла.

Але дыктару Дзмітрыю Аўрамчыку, якi працуе на матчах «Дынама», абвясцiў iншую лiчбу – перад рэальным паказчыкам дадаў «сто». Канешне, для белспорту прыпiскi – звыклая рэч, але «прыпiсаць» адразу сто тысяч – такога мы не памятаем. Так наведвальнасць нiбыта перасягнула максімальную ўмяшчальнасць больш, чым у 7,5 разоў.

Каментатары матча адразу жартам успомнiлi пiцерскi СКА. Так жа зрабiлi i ў адным з каналаў, якi посцiць мемы пра хакей.

У каментарах да гэтага паста накiдалi яшчэ некалькі жартаў. Былi i палiтычныя – Аўрамчыка з такiмi здольнасцямi да перавышэння рэальных падлiкаў прапанавалi зрабiць кiраўнiком «ЦВК» Лукашэнкi. Трэба сказаць, гэта не выглядае як нешта цалкам нерэальнае – Аўрамчык з дыктатарам у добрых зносiнах.

Наступныя мемы былі проста пацешныя.

А яшчэ адзiн згадваў трэнера СКА Рамана Ратэнберга.

СКА i Ратэнберг у сувязi з «прыпiскай» успамiнаюць нездарма. У лютым піцерцы пераехалi на новую «СКА-Арэну» – i пачалi шалёна абвяшчаць пра рэкорды наведвальнасцi. Спачатку заявiлi, што на іх матчы супраць «Сочы» быў устаноўлены хакейны сусветны рэкорд для закрытых памяшканняў (21 481), а калi iм указалi на iснаванне матча з большай аўдыторыяй – проста перапiсалi лiчбы.

Ратэнберг увогуле шалёна захапiўся тэмай рэкордаў – дайшоў да такой фразы: ««Сёння мы ўстанавiлі рэкорд наведвальнасці для матчаў з удзелам ніжагародскага «Тарпеда». У наступнай гульні будзем устанаўлiваць рэкорд для гульняў з удзелам «Северсталі». Але ж гэта не самае эпiчнае, што ўмее загнуць алiгарх, якому захацелася быць трэнерам.

Нядаўна СКА чарговы раз абвясцiў пра рэкорд – маўляў, гульню з «Тарпеда» ў плэй-оф КХЛ наведалі 23996 чалавекi. У гэтую лiчбу, большую за змяшчальнасць «СКА-Арэны», уключылi нават тых, хто забяспечваў арганiзацыю матча.

Але да паказчыка ў 115086 гледачоў ім усё роўна далёка. Пра што пажартавалi нават у сацсетках самога мiнскага «Дынама».

А яшчэ паспрабавалi запэўнiць, што iх падтрымлiвае нiбыта больш людзей за ўсё насельнiцтва Беларусi – хаця гэта прыкладна так жа «верна», як «рэкорды» Ратэнберга.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты