Tribuna/Хакей/Блогі/Беларусу ў трэці раз за сезон даюць шанц у НХЛ. Выглядае на тое, што гэта вырашальная для яго магчымасць

Беларусу ў трэці раз за сезон даюць шанц у НХЛ. Выглядае на тое, што гэта вырашальная для яго магчымасць

Што атрымаецца ў Іллі Салаўёва?

9 красавіка, 14:30
Беларусу ў трэці раз за сезон даюць шанц у НХЛ. Выглядае на тое, што гэта вырашальная для яго магчымасць

Ілля Салаўёў атрымаў свой трэці шанс за сезон праявіць сябе ў аснове «Калгары». Беларускі абаронца быў задрафтаваны «Флэймз» у 2020-м годзе ў сёмым раўндзе пад агульным 205-м нумарам. Сезон 2020/2021 дагуляў у мінскім «Дынама», а ў сістэму «Калгары» адправіўся ў наступным годзе, дзе выступаў за фарм «Калгары Рэнглз» у АХЛ. У сезоне-2021/22 каманда паказала другі вынік у рэгулярцы (у Салаўёва 3+5 у 51 матчы) і дайшлі да паўфіналу плэй-оф (0+1 у 6 матчах). У сезоне-2022/23 была перамога ў гладкім чэмпіянаце (у беларуса 4+14 у 68 матчах), але і вылет ужо ў чвэрцьфінале (1+1 у 9 матчах).

Да свайго трэцяга года ў сістэме «Флэймз» Салаўёў падышоў сур'ёзна, бо яго кантракт заканчваецца ў канцы сезона, а ў НХЛ абаронца ў два папярэднія сезоны шанса згуляць не атрымаў. Летам беларус замест адпачынку на Радзіме застаўся трэнавацца ў Калгары і як вынік пратрымаўся ўсе тры адсевы ў летнім кэмпе, а ў пачатку сезона атрымаў магчымасць згуляць у НХЛ.

У кастрычніку Салаўёў правёў дзве гульні за аснову «Калгары»: дэбютную з «Сэнт-Луісам» (0:3) і з «Эдмантанам» (2:5). За два матчы зарабіў карыснасць «-3» пры сярэднім айстайме 16:35. Лістапад правёў у фарме, а на пачатку снежня зноў быў узняты ў аснову, дзе паўдзельнічаў у матчах з «Мінесотай» (2:5), «Каралінай» (3:2), «Нью Джэрсі» (2:4) і «Каларада» (5:6). У гэтых сустрэчах Салаўёў здолеў вызначыцца двума асістамі (супраць «Мінесоты» і «Нью Джэрсі»), каэфіцыент карыснасці склаў 0, а сярэдні айс-тайм – 14:17. Цікава, што выніковая перадача з «Дэвілз» стала ўнікальнай – прывяла да «беларускага» гола (закінуў Ягор Шаранговіч) упершыню з 2011 года:

У сярэдзіне снежня Салаўёў вярнуўся ў фарм, дзе і выступаў да першага выкліку ў 2024-м, пра які было абвешчана ў чацвер 8 красавіка. У АХЛ беларус сумарна за сезон правёў 50 матчаў, набраў 14 (5+9) балаў і зарабіў каэфіцыент карыснасці «+2». Варта адзначыць, што з сярэдзіны лютага да сярэдзіны сакавіка абаронца не гуляў праз траўму верхняй часткі цела.

У АХЛ гэтага сезона Салаўёў набіраў максімум два пункты за матч. Першая такая гульня здарылася яшчэ ў кастрычніку, калі «Калгары Рэнглз» перастраляў «Абатсфард Кэнакс» (7:6 АТ). Салаўёў тады вызначыўся дэбютнай шайбай і асістам у сезоне. Менавіта пасля той сустрэчы беларус быў упершыню ўзняты ў НХЛ:

Наступны раз два пункты (1+1) Салаўёў набраў у студзеньскім матчы з «Сан-Хасэ Барракуда» (3:2). Праўда, у НХЛ тым разам не паклікалі, нягледзячы на званне першай зоркі сустрэчы:

Ну а 24 сакавіка Салаўёў вызначыўся галявым дублем, закінуўшы ў тым ліку пераможную шайбу ў вароты «Сан-Дыега» (8:4). Гэтага хапіла на статус трэцяй зоркай:

Пасля дубля Салаўёў паспеў правесці яшчэ шэсць матчаў у АХЛ, дзе вызначыўся двума асістамі і каэфіцыентам карыснасці «+1». Фарм «Калгары» ўжо гарантаваў удзел у Кубку Колдэра. А вось аснова ўжо дакладна ў Кубку Стэнлі не згуляе. Да канца рэгулярнага чэмпіянату НХЛ «Флеймз» застаецца шэсць гульняў, таму трэнерскі штаб ужо цяпер пачынае вызначацца з гульцамі, з якімі ім ісці ў наступны ў сезон, пра што распавёў галоўны трэнер Раян Хаска:

«Апошнім часам мы набілі пару шышак і сінякоў. Цяпер мы хочам пераканацца, што ў нас ёсць неабходная колькасць хакеістаў.

Мяркуючы па ўсім, Салаўёў быў нашым найлепшым хлопцам у фарм-клубе ў апошні час, так што ён заслугоўвае яшчэ адной магчымасці [у асноўнай камандзе]», – сказаў Хаска.

Сам Ілля кажа, што рады зноў апынуцца ў НХЛ, а яшчэ распавёў, што пасля апошняга выкліку працаваў як над тэхнічнай часткай, так і ментальнай.

Наступны матч «Калгары» правядзе ў ноч на 10 красавіка супраць «Сан-Хасэ» – найгоршай каманды НХЛ у гэтым сезоне. Выглядае як нядрэнная магчымасць для Салаўёва паказаць сябе.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты