Усе навіны

Сахашчык абвясцiў аб стварэнні «Паспалітага Рушэння» – спартова-адукацыйнай арганізацыі ў структуры Пераходнага Кабінету Беларусі

30 верасня 2022, 19:45

Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Беларусі па нацыянальнай бяспецы і абароне Валерый Сахашчык абвясцiў аб стварэнні «Паспалітага Рушэння».

«Арганізацыя ствараецца для аб’яднання беларусаў вакол мэты абароны незалежнасці Беларусі і ўзнаўлення законнасці на тэрыторыі нашай краіны, спрыяе фізічнаму і інтэлектуальнаму развіццю грамадзянак і грамадзян ды адраджэнню беларускіх вайсковых традыцый.

Паспалітае Рушэнне мае выразную тэрытарыяльную структуру. Асноўнай тэрытарыяльнай адзінкай Рушэння з’яўляецца Харугва. Яна атрымоўвае назву па назве горада размяшчэння (напрыклад, Віленская харугва) ці краіны. Кожная харугва дзейнічае ў строгай адпаведнасці з законамі краіны знаходжання і дэкларуе празрыстасць сваёй дзейнасці ў адносінах да дзяржаўных органаў адпаведных краінаў.

З-за пагрозы пераследу магчымых сяброў арганізацыі з боку рэжыма Лукашэнкі харугвы на акупаваных тэрыторыях Беларусі часова не ствараюцца. У адпаведнасці з беларускімі вайсковымі традыцыямі кожную харугву ўзначальвае Ротмістр. Ён адказвае за правядзенне агульных мерапрыемстваў, вышкалаў, грамадскіх акцый, захаванасць маёмасці харугвы, яе матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. Ротмістрамі першых створаных харугваў прызначаны аўтарытэтныя і дасведчаныя кандыдаты.

Сяброўства ў Рушэнні дабраахвотнае, не мае векавых і полавых абмежаванняў. Для залічэння у шэрагі харугвы неабходна паспяхова прайсці базавы 7-дзённы вышкал. Да моманта сканчэння вышкалу сябра лічыцца сябрам-рэзервістам.

Вышкалы праходзяць у створаным для гэтага вучэбным цэнтры, заняткі праводзіць каманда вопытных інструктараў. Вучэбная праграма, была распрацавана з удзелам беларускіх афіцэраў і замежных спецыялістаў.

Удзел у вышкалах бясплатны, запрошаныя на іх грамадзяне атрымліваюць камплект неабходнай экіпіроўкі. На дадзены момант ўжо прайшоў сбор-трэнінг для будучых кіраўнікоў аддзяленняў Рушэння, рыхтуюцца базавыя вышкалы па харугвах.

Ствараюцца Віленская, Варшаўская, Уроцлаўская і Беластоцкая харугвы, неўзабаве будзе аб’яўлена пра іншыя. Працэс стварэння пакуль што праходзіць у закрытым рэжыме, аб пачатку шырокага набору будзе абвешчана дадаткова», – сказаў ён.