Усе навіны

Экс-палітвязень і фітнес-трэнер Яршоў аб сваім затрыманні: «Я сказаў сілавікам, што перахварэў на COVID, але яны пачалі біць у вобласць сэрца і лёгкіх»

21 кастрычніка 2022, 18:17

Былы палітвязень і фітнес-трэнер Канстанцін Яршоў распавёў як праходзіла яго затрыманне.

Зазначым, Канстанцін Яршоў – трэнер па фітнесе і бодзібілдынгу з Мінска. Ён быў затрыманы 24 студзеня 2022 года ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Канстанціну было прад’яўлена абвінавачванне, да суда ён быў змешчаны ў СІЗА-1. 8 чэрвеня 2022 года суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Пірожнікава прызнала Яршова вінаватым і асудзіла да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ – «хіміі». Мужчыну вызвалілі ў зале суда да накіравання ў месца адбывання пакарання. Аднак Яршоў пакінуў тэрыторыю Беларусі.

«Мяне моцна збілі ў пад’ездзе ўласнага дома. За мной зайшоў ціхар і стукнуў па галаве. Я паваліўся проста каля ліфта. Пасля забеглі пяць ці шэсць сілавікоў. Калі я яшчэ трошкі быў у свядомасці, то паспеў сказаць ім, што я толькі перахварэў на COVID, але яны адрэагавалі на гэта ўдарамі ў вобласць сэрца і лёгкіх, каб я, напэўна, дыхаць не мог. Усярэдзіне пад’езда няма камер, таму «ніхто не бачыць – можна біць!». Мяне адштурхалі вельмі жорстка. Мяне настолькі цяжка збілі, што ў стане непрытомнасці мяне адцягнулі ў бусік. У машыне мяне яшчэ трошкі білі: я то прыходзіў у свядомасць, то адключаўся.

У бусе таксама апынулася знаёмая дзяўчына з суседняга пад’езда. Ёй нацягнулі шапку на галаву і таксама збівалі. Яе білі ў галаву кулаком ці нагой, яна казала, што адразу «зоркі з вачэй» пасыпаліся. Тое, што адбывалася потым са мной, я дазнаваўся ад яе. Яна распавяла, што нас [з іншымі затрыманымі] кінулі на падлогу і працягвалі біць. У мяне ўся вопратка была ў крыві, парвалі скураную куртку. Але, хутчэй за ўсё, яны да мяне хутка цікавасць страцілі, бо я быў у непрытомнасці: пабілі трохі і ўсё.

Па дарозе ў РУУС з бусіка мяне перакінулі ў аўтазак – жалезны МАЗ. Нейкі хлопец прывёў мяне ў прытомнасць. Ён быў увесь у крыві – яго таксама цяжка збілі. Ён папрасіў сцерці з ягонага лба пазнаку – намаляванае маркерам кола з чымсьці. Я быў амаль у стане непрытомнасці – я з апошніх сіл сцёр гэту пазнаку і зноў выключыўся. Мне трапілі кудысьці ў сэрца і, мяркуючы па ўсім, у мяне была трэшчына ў рабры.

Калі дзверы аўтазака адчыніліся, я выпаў. І калі я стукнуўся галавой аб падлогу, то апрытомнеў. Калі нас прывезлі ў РУУС, мяне выцягнулі і сказалі ісці самому. Я паспрабаваў зрабіць крок на правую нагу і зразумеў: штосьці не то. Нага дзіка балела і не слухалася. Пасля ў лякарні высветлілася, што ў мяне разрыў мышцы ў сцягне. Супрацоўнікі, калі пабачылі мой стан, пачалі крычаць: «Выклікайце хуткую! ##### [Навошта] вы яго сюды прывезлі? Чаго вы яго па дарозе не выкінулі? А раптам ён тут памрэ? Што вы з ім зрабілі, ідыёты?» Я ляжу і гэта ўсё чую. Я не ведаю, як я выглядаў, але па вопратцы пасля зразумеў, што выглядаў вельмі дрэнна: у мяне быў збіты твар, на шчацэ быў след ад бота – хтосьці на мяне ставіў нагу ў бусіку, відаць», – распавёў Яршоў.