Усе навіны

Максім Беразінскi: "Стаўленне да беларускай мовы мяняецца тут і цяпер"

2 лістапада 2022, 16:03

Кіраўнік by.tribuna.com Максім Беразінскi расказаў аб прычынах з'яўлення беларускамоўнай версіі сайта.

"Менавіта цяпер, калі павялічылася колькасць людзей, якія гатовыя карыстацца беларускай мовай, важна яе прасоўваць. Цяпер такі час, калі кожны павінен рабіць дзеля Беларусі тое, што ён можа рабіць.

Такі падыход дапаможа частцы людзей хутчэй звыкнуцца з ужываннем беларускай мовы і, магчыма, перайсці на яе. Так чалавек будзе не спецыяльна вывучаць мову, а чытаць на ёй, напрыклад, навіны спорту.

Намаганне больш чытаць па-беларуску - гэта той уклад, які можа зрабіць кожны беларус дзеля захавання краіны і незалежнасці.

Ніхто ў камандзе не рабіў такія маштабныя пераезды. Гэта нялёгкая праца, якая легла на плечы каманды распрацоўкі. Нам было крышачку лягчэй, таму што мы рабілі новую платформу пад дзве краіны - Украіну (ua.tribuna.com - «Трыбуна») і Беларусь. Але ўсё адно лічым, што выкацілі версю 0.9. Пакуль там не хапае шмат звыклага функцыяналу - пошуку па тэгах (пакуль можна шукаць только праз Google), статыстыкі па хакеі, баскетболе і іншых гульнявых відаў спорта, акрамя футбола. Будзем намагацца як мага хутчэй вярнуць гэтыя фічы.

Цікава, што менавіта пад абвестку пра беларускую мову нам прыйшло значна больш рэзюме, чым звычайна. Многія людзі прапанавалі дапамогу і гатовыя былі працаваць нават без грошай. Гэта вельмі прыемна. Сапраўды, стаўленне да беларускай мовы мяняецца тут і цяпер. І мы радыя, што змаглі адказаць на гэта запыт аўдыторыі», - распавёў ён.