Усе навіны

Прадстаўнік БФСС Котаў: «Вайна ва Украіне змяняе стаўленне да таго, што казалі год таму: стварэнне магчымасці не толькі выступаць пад нейтральным, а і пад бчб-сцягам»

9 лістапада 2022, 11:28

Прадстаўнік БФСС і экс-генсак НАК Анатоль Котаў распавёў пра магчымасць вольных беларусаў выступаць на міжнародных спаборніцтвах пад бел-чырвона-белым сцягам.

– Размова ідзе пра такі варыянт ўдзелу ў спартовых мерапрыемствах, шо спартсмен альбо становіцца чальцом зборнай іншай краіны, умоўнай Польшчы, альбо чальцом нейкай замешнай каманды. Ён не можа прадстаўляць як адзінка спартовая незалежную вольную Беларусь.

– Як раз гэта нашая мэта, каб такая магчымасць была. Зараз ёсць дзве опцыі, як спартовец можа выступаць: прадстаўляе сам сябе, то бок пад нейтральным сцягам, альбо ён вымушаны прайсці гэты цяжкі шлях для таго, каб змяніць спартовае грамадзянства перш за ўсё, часамі, гэта вымагае і змены звычайнага грамадзянства.

Гэта ні ў якім разе не з’яўляецца нашай мэтай – стымуляванне сыходу беларускіх спартсменаў у нейкія іншыя краіны. Для нас зараз галоўная мэта – выпрацаваць такі механізм, які будзе дазваляць альбо выступаць большай колькасці спартсменаў пад нейтральным сцягам, альбо пад нейкім іншым які будзе сымбалізаваць беларускую вольную супольнасць, каб не было патрэбы выходзіць з беларускага грамадзянства, куды фактычна рэжым сваімі дзеяннямі выціскае спартсменаў.

Гэта вельмі цяжкая праца, бо міжнародны спорт даволі кансерватыўны, але мы стараемся з дапамогай нашых украінскіх калег растлумачыць унікальнасць сітуацыі ў Беларусі, якая вымагае ўнікальных рашэнняў, якія перад гэтым ніколі не прымаліся на ўзроўні ані МАК, ані міжнародных спартыўных федэрацый. Таму што, на жаль, сітуацыя з беларускім спортам і ўвогуле з Беларуссю пагаршаецца, цяжка сказаць, калі мы выйдзем з гэтага крызісу, але Беларусь як краіна, якая існуе і будзе існаваць па-за рэжымам, павінна мець сваё прадстаўніцтва ў міжнародным спорце як вольная краіна, і рыхтаваць, гадаваць сваіх спартсменаў у будучыню, ствараць магчымасці для таго, каб у нас не было правалу, які зараз прагназуецца на 3-4 гады ў спорце праз міжнародны бан, і рэжым, на жаль, не рэагуе на санкцыі спартовыя.

А калі вось не вызваліць з бану дзетак, якія займаюцца спортам у розных краінах, куды яны з’ехалі, каб лічыцца пазней спартовымі і грамадзянамі Беларусі, дык гэты правал можа дасягнуць цэлай дэкады. Наша задача растлумачыць, што Беларусі ні ў якім разе не павінна страціць ані культуру, ані спорт, ані навуку, ані сваю будучыню, у прыватнасці спартовую.

– Нам пішуць, што важней даць спартсменам магчымасць выступаць пад бел-чырвона-белым сцягам. Скажыце, а на колькі гэта сапраўды магчыма?

– Я сказаў, што гэта наша мэта – дамагчыся такой магчымасці, але гэта не вельмі лёгкі шлях. Хутчэй наадварот – вельмі нялегкі шлях. І мы крочым ім амаль 2 гады. Мабыць, вайна супраць Украіны, якую развязалі ў пэўнай ступені абодва рэжымы [Лукашэнкі і Пуціна], таксама змяняе стаўленне да таго, што мы тлумачылі год таму: трэба ствараць магчымасці не толькі выступаць пад нейтральным сцягам, а трэба ствараць магчымасці, каб людзі выступалі за тую Беларусь, якая павінна сапраўды існаваць. Гэта Беларусь з бел-чырвона-белым сцягам.

Не магу прагназаваць, колькі часу зойме яшчэ ламанне гэтых стэрыатыпаў, але і падарожжа ў ЗША было прысвечана ў тым ліку таму, што трэба зрабіць, каб, па-першае, санкцыі на беларускі рэжымны спорт былі эфектыўныя, а па-другое, каб была магчымасць вольным беларускім спартсменам заяўляцца ў якасці беларускіх вольных спартсменаў. І пажадана, каб гэта было пад нацыянальным сцягам, пад нацыянальным колерам, дэманструючы, што Беларусь – тая краіна, якая жыве ў сэрцы кожнага беларуса, а рэжым не мае ўвогуле ніякага дачынення да гэтага, – сказаў Котаў.