Навіны
Талібы правялі публічнае пакаранне смерцю на стадыёне ў Афганістане
У сераду, 7 снежня, у правінцыі Фарах на паўднёвым захадзе Афганістана быў публічна пакараны смерцю афганец, асуджаны за забойства. Гэта першы пацверджаны выпадак смяротнага пакарання з моманту вяртання ісламістаў да ўлады.
Пакараным быў жыхар правінцыі Герат па імю Таджмір, які забіў чалавека і забраў у яго матацыкл і мабільны тэлефон. Смяротны прысуд прывёў у выкананне бацька забітага.
Само пакаранне смерцю праходзіла на стадыёне ў правінцыі Фарах у прысутнасці тысяч чалавек, а таксама дзясяткаў высокапастаўленых членаў «Талібана», у тым ліку кіраўніка вярхоўнага суда краіны Абдулы Хакіма Хакані.
Нагадаем, «Талібан» захапіў уладу ў Аўганістане ў жніўні 2021 года, неўзабаве пасля таго як з краіны былі выведзеныя амерыканскія войскі.
Адзначым, у лістападзе лідэр «Талібану» Эмір Ахундзада загадаў суддзям пад час вынясення прысудаў кіравацца законамі шарыяту. Яны прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе кары смерцю, адсякання канечнасцяў, публічнага збіцця бізуном або забівання камянямі, у прыватнасці, за крадзеж, вераадступніцтва, пералюб або забойства.