Усе навіны

Азаронак распавёў «пра асабістую трагедыю» сілавіка, які трапіў на фота ў жніўні 2020-га – ад яго сышла жонка, чэмпіёнка Беларусі па бодзібілдынгу

8 снежня 2022, 23:13

Прапагандыст Рыгор Азаронак у эфіры дзярж-ТБ распавёў пра шлюб афіцэра ўнутраных войскаў з вядомага кадра Reuters, зробленага ў першую ноч пасля выбараў - з 9 на 10 жніўня 2020-га.

– Памятаеце знакамітую фатаграфію байца ўнутраных войскаў, які стаіць і паказвае рукамі на ляжачага пратэстуючага? Там жа ёсць відэа, дзе баец ўнутраных войскаў адцягнуў з-пад машыны і сказаў: я яму дапамагчы хачу. Але так загнабілі, зацкавалі тыя, хто на лавачку ўставаў, што жонцы гэтага байца (а яна працавала ў прыватным фітнес-цэнтры) сказала кіраўніцтва: не сыдзеш ад свайго фашыста – мы цябе звольнім. Жонка сышла. Такая вось жонка, вядома, але тым не менш, – сказаў Азаронак.

Кадр зроблены ў ноч з 9 на 10 жніўня каля стэлы «Мінск – горад-герой», дзе праходзілі масавыя затрыманні пратэстуючых.

На здымку сілавік, чый твар схаваны чорнай балаклавай, разводзіць рукамі над мужчынам, які ляжаў на зямлі каля аўтазака.

Пазней расійскі канал RT апублікаваў відэа з тым самым сілавіком. Той распавёў, што дапамог і выклікаў хуткую хлопцу, у якога «было алкагольнае і вельмі моцнае наркатычнае ап'яненне».

Сам 35-гадовы затрыманы па імені Яўген Заічкін пасля акцыі пратэсту трапіў у бальніцу хуткай са страсеннем мозгу, закрытай ЧМТ, выцятай ранай губы і пашкоджаннем капсульна-звязкавага апарата шыйнага аддзела пазваночніка.

Афіцэрам аказаўся Цімур Грышко.

Сямейныя цяжкасці, пра якія згадаў Азаронак, здарыліся з ім восенню 2020 года – ён развёўся з жонкай, фітнес-трэнеркай і чэмпіёнкай Беларусі па бодзібілдынгу Ліліяй Салімгарэевай па яе ініцыятыве. Гэтую інфармацыю яна сама пацвердзіла «Нашай ніве».

– Так заўгодна грамадству, так будзе найлепш для мяне і для яго, – растлумачыла жанчына сваё рашэнне, дадаўшы, што, калі б не жнівеньскія падзеі, разводу б не было.