Усе навіны

Палітвязня экс-кіраўніка федэрацыі рэгбі Данілевіча абвінавачваюць у парадах Герасімене і Апейкіну па спартыўным праве

19 снежня 2022, 14:02

Палітвязень адвакат, экс-кіраўнік беларускай федэрацыі рэгбі Аляксандр Данілевіч згадваецца ў справе Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна.

Нагадаем, у дачыненні да экс-кіраўніка Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, трохразовай медалісткі Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнкі свету і Еўропы па плаванні Герасімені, а таксама выканаўчага дырэктара БФСС Апейкіна беларускі рэжым зараз праводзіць «завочны суд» па абвінавачанні па ч. 3 арт. 361 КК РБ («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). Асаблівасць «завочнага суда» ў тым, што няяўка абвінавачаных на паседжанне не з'яўляецца перашкодай для таго, каб прызнаць іх вінаватымі. Герасіменя і Апейкін знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

На паседжанні «завочнага суда» 19 снежня ў абвінавачанні быў згаданы Данілевіч. Было заяўлена, што як адвакат ён даваў Герасімене і Апейкіну юрыдычныя парады па міжнародным спартыўным праве і па правільнасці падрыхтоўкі зваротаў у адрас спартыўных арганізацый. Таксама Данілевіча абвінавачваюць у тым, што ён асабіста, а таксама праз іншых людзей складаў, рэдагаваў і перакладаў тэксты такіх зваротаў, а потым распаўсюджваў іх праз інтэрнэт. У абвінавачанні сцвярджаецца, што да адмены некалькіх чэмпіянатаў свету і Еўропы, якія планавалі праводзіць у Беларусі, нібыта прывялі менавіта такія звароты, а не дзеянні рэжыму Лукашэнкі.

Адзначым, Данілевіч ужо сем месяцаў знаходзіцца за кратамі. Ён быў затрыманы 20 траўня 2022 года і змешчаны ў СІЗА КДБ. Раней паведамлялася, што яму прад'яўлены абвінавачанні па той жа ч. 3 арт. 361 КК РБ, што і Герасімене і Апейкіну.