Усе навіны

Апейкін пра навіны з суда: «Прашу, каб не кідалі мне гэтую фігню. Гэта ўсё адно, што каментаваць, што нейкія фрыкі недзе нагадзілі»

20 снежня 2022, 11:31

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін у інтэрв'ю «Трыбуне» расказаў пра тое, як рэагуе на навіны пра «завочнае» судовае паседжанне, якое пачалося 19 снежня ў Мінску ў дачыненні да яго і Аляксандры Герасімені.

– Вы просіце людзей не дасылаць вам навіны пра суд?

– Прашу, каб не кідалі мне гэтую фігню. Лічу, чым больш чытаць пра рэчы, якія не маюць дачынення да рэальнасці, тым бліжэй можна стаць да гэтай нерэальнасці. На міліметр, але бліжэй. Як па мне, гэта ўсё адно, што каментаваць, што нейкія фрыкі недзе нагадзілі.

Вы проста паглядзіце на твары ўдзельнікаў гэтага «паседжання». Усе самі выдатна разумеюць бессэнсоўнасць, якая адбываецца. Гэта абсалютна пустое. І яны разумеюць, што заўтра ўся гэтая сістэма можа паляцець, абваліцца, і тых, хто ў сістэме, закатаюць у асфальт. Ці ім давядзецца глядзець у вочы мне ці Герасімені, мы жа па адной вуліцы будзем хадзіць. Яны будуць перасякацца з намі, стаяць у адной чарзе. І нават калі я сустрэну гэтых людзей на вуліцы, што яны мне скажуць? Як пракаментуюць гэты цырк? Я рэальна гляджу на твары ўдзельнікаў «паседжання» і чытаю там адно пытанне: «Вось заўтра я сустрэну Апейкіна і Герасіменю – што я ім скажу ў сваё апраўданне? Што я не мог па-іншаму? Што ў мяне сям'я, дзеці?» Вось яны пра гэта цяпер думаюць, а я пра такое нават не задумваюся.

Нагадаем, Апейкіна і трохразовую алімпійскую медалістку, чэмпіёнку свету і Еўропы па плаванні Аляксандру Герасіменю падначаленыя Лукашэнкі вінавацяць у закліку да санкцый. Шкода ад дзеянняў Герасімені і Апейкіна ацэньваецца больш чым у 853 тысяч беларускіх рублёў. Максімальны тэрмін пакарання за гэта ў сённяшняй Беларусі – да 12 гадоў пазбаўлення волі.