Усе навіны

Міёрскі металапракатны завод, які спансаваў «Макларэн» з «Формулы-1», абвешчаны банкрутам, раней уладальнікаў арыштавалі, а прадпрыемства адабралі

12 студзеня 2023, 20:58
1

Прыватную кампанію «ММПЗ-Груп», якая валодала міёрскім металапракатным заводам, прызналі банкрутам. Раней прадпрыемства спансавала «Макларэн» з «Формулы-1».

Рашэнне аб банкруцтве 27 снежня 2022 года вынес Эканамічны суд Віцебскай вобласці.

Патрабаванні крэдытораў пераўзышлі 1 мільярд беларускіх рублёў. Запазычанасць па нечарговых плацяжах складала больш за 381 тысячу рублёў.

Маёмасць даўжніка ацанілі ў 13,22 мільёна рублёў. З іх 13,20 мільёнаў рублёў – пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць. На рахунках кампаніі – 23,5 тысячы рублёў.

Нагадаем, што ўлетку 2020-га каманда «Формулы-1» «Макларэн» абвясціла аб доўгатэрміновым партнёрстве з ММПЗ, і ўжо ў канцы жніўня на Гран-пры Бельгіі прайшоў першы заезд з лагатыпам завода. Пасля сезона-2021 завод прыбралі са спісу партнёраў «Макларэна».

У чэрвені 2021-га прайшлі затрыманні кіраўніцтва завода па абвінавачанні ў «злоўжыванні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзян альбо дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам».

Улетку 2022 года было абвешчана аб тым, што прадпрыемства перастала быць прыватным і перайшло ў статут дзяржаўнага.