Усе навіны

Апейкін пра нядопуск расіян і беларусаў на ЕГ-2023: «БФСС не за татальны бан. Крытэры допуску: публічнае асуджэнне вайны, непадтрымка рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна»

31 студзеня 2023, 11:11

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін пракаметаваў нядопуск беларусаў і расіян на Еўрапейскія гульні-2023 у Польшчы, а таксама расказаў аб тым, якімі крытэрыямі неабходна кіравацца пры допуску спартсменаў з Беларусі і Расіі на міжнародныя спаборніцтвы.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Еўрапейскія гульні-2023 у Польшчы пройдуць без беларускіх і расійскіх атлетаў, іх не дапусцілі нават пад нейтральным сцягам. Як вам такія захады?

– Да такіх крокаў імкнуцца не варта. Мы не за татальны бан. Размова ідзе не аб раздзяленні нацый, не аб дыскваліфікацыі абсалютна ўсіх, хто мае пашпарты Расіі і Беларусі. Паўтаруся, мы гаворым пра чалавечыя каштоўнасці. Мы хочам дабіцца таго, каб выступалі на турнірах, у тым ліку на Алімпіядзе, толькі тыя, хто публічна падзяляе агульначалавечыя каштоўнасці.

Нават некаторыя ўкраінскія атлеты ў прыватных гутарках дзяліліся меркаваннем, што калі той ці іншы расеец ці беларус адкрыта асудзіў вайну, рэжымы Лукашэнкі і Пуціна, то сустрэча з такімі спартсменамі на рынгу, на адной дарожцы цалкам дапушчальная, яна не будзе выклікаць абурэнне і нянавісць. Гаворка ідзе не аб нацыях, а аб маральнай пазіцыі, аб сістэме каштоўнасцяў.

– Гэта значыць рашэнне арганізатараў Еўрапейскіх гульняў – гэта адна крайнасць, заява МАК – іншая крайнасць. Трэба знайсці залатую сярэдзіну?

– Так. І крытэры выразныя: публічнае асуджэнне вайны, непадтрымка рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, – сказаў Апейкін.