Усе навіны

Апейкін пра апошнія поспехі БФСС: «Мы стварылі працоўную групу з Мінспорту і НАК Польшчы, у вайну наладзілі афіцыйныя адносіны ва Украіне. Каласальная праца каманды з 11 чалавек»

31 студзеня 2023, 23:35

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін падзяліўся апошнімі дасягненнямі фонду.

– Якія галоўныя поспехі вы можаце вылучыць у працы Фонду за апошні час?

– Па-першае, запуск антываеннай дэкларацыі. Гэта рэальна моцны інструмент, у тым ліку з пункту гледжання колькасці і якасці тых, хто падпісаў. Больш за 50 алімпійскіх прызёраў, у цэлым больш за 500 атлетаў з 30 краін! Незразумела, чаму медыя не звярнулі ўвагу менавіта на тое, што такую ініцыятыву стварылі беларусы. Моцны кейс.

Нашы аукцыёны ў дапамогу Украіне таксама вылучу. Людзі прадавалі медалі, да якіх ішлі дзесяцігоддзямі, штодня трэніраваліся, а потым ахвяравалі ўзнагародамі ў дапамогу Украіне. Гэта важны духоўны момант, вельмі паказальны.

Важна, што нам удалося стварыць рабочую групу ў Польшчы сумесна з Мінспорту і НАК краіны. Мы распрацавалі крытэрыі па допуску нашых суайчыннікаў да спаборніцтваў. Бо быў час, калі беларусаў не хацелі дапускаць да турніраў у прынцыпе з-за таго, што Беларусь – суагрэсар. Але мы дабіліся змены сітуацыі, беларусы ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. Але, зноў жа, галоўны крытэрый – гэта асуджэнне вайны, падпісанне антываеннай дэкларацыі.

Фонд стаў адным са стваральнікаў працоўнай групы ва Ўкраіне па санкцыях. Паверце, у той сітуацыі, калі Беларусь з'яўляецца суагрэсарам, правесці сустрэчы, пераканаць украінскі бок у тым, што ў нас адны мэты і задачы, – гэта вялізнае дыпламатычнае дасягненне. Гэта значыць, нам падчас вайны ўдалося наладзіць афіцыйныя партнёрскія адносіны. Фонд спартыўнай салідарнасці – гэта першая структура, якая падпісала афіцыйнае пагадненне з украінскімі дзяржаўнымі ўстановамі, у прыватнасці, з дэпартаментам моладзі і спорту Кіеўскай гарадской адміністрацыі. Факт сапраўды гістарычны.

32 стыпендыі ўкраінскім спартсменам, пра якія я казаў, таксама варта адзначыць. Так, гэта невялікія грошы, але для маладых атлетаў і яны важны. Наша мэтавая аўдыторыя – спартсмены ад 16 да 24 гадоў. Тыя, хто пацярпеў ад вайны, хто мусіў з'ехаць з усходніх абласцей. Хто мае алімпійскія амбіцыі ў будучыні. Гэта найважнейшы момант па падтрымцы спартыўнага патэнцыялу Украіны. Мы ўпэўненыя, што нехта з гэтых атлетаў потым даб'ецца поспехаў на чэмпіянатах свету або Еўропы, на Алімпіядзе. Уяўляеце, як будзе важна адзначыць факт, што гэты спартсмен у свой час быў падтрыманы Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці?

Мы выбудоўвалі ўзаемаадносіны з рознымі інстанцыямі, установамі, людзьмі, шукалі рэсурсы. Мы гатовы праграму пашыраць, працягваць. Заклікаем усіх неабыякавых беларусаў далучыцца да гэтага.

– Колькі чалавек працуе ў БФСС?

– 11 чалавек. Для такой невялікай каманды праца праведзена сапраўды каласальная, – адзначыў Апейкін.