Усе навіны

ФХУ: «Лукашэнка цынічна вазіў па лёдзе чалавека, які ваяваў супраць Украіны. Беларускаму спорту не месца ні ў алімпійскай сям'і, ні ў цывілізаваным грамадстве ўвогуле»

1 лютага 2023, 15:15

Федэрацыя хакея Украіны пракаментавала магчымае вяртанне расіян і беларусаў да міжнародных спаборніцтваў.

«Федэрацыя хакея Украіны з вялікім неразуменнем успрымае інфармацыю аб тым, што на паседжанні выканаўчай рады Міжнароднага алімпійскага камітэта прайшла спроба перагляду рэкамендацый па адхіленні расіян і беларусаў як удзельнікаў Алімпійскіх гульняў.

Насцярожвае ўжо нават сам факт наяўнасці дыскусій аб зацвярджэнні пераліку ўмоў, пры якіх прадстаўнікі краін, якія ўжо амаль год вядуць варварскую вайну на тэрыторыі Украіны, могуць быць дапушчаныя да Гульняў у нейтральным статусе.

Спорт у Расіі і Беларусі з часоў СССР быў і застаецца дагэтуль элементам агрэсіўнай дзяржаўнай прапаганды. Усе вядучыя атлеты адкрыта ці ўтоена агітуюць за праўладныя палітычныя сілы і лідараў краін Пуціна і Лукашэнкі.

Падчас унутраных усерасійскіх спаборніцтваў па хакеі, футболе, дзюдо, фігурным катанні, іншых відах спорту вялася адкрытая падтрымка ўзброенай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Прэзідэнт Беларусі Лукашэнка падчас аднаго з выставачных хакейных матчаў ажыццявіў цынічны перформанс, правозіўшы па лёдзе на інваліднай калясцы асобу, якая ваявала супраць Украіны і страціла на вайне нагу.

Папярэдняя практыка ўдзелу каманды Расійскай Федэрацыі на Алімпійскіх гульнях дэманстравала, што нейтральны статус ніяк не бянтэжыў ні саміх атлетаў, ні прапагандыстаў з так званых расійскіх СМІ, ні, тым больш, кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, якое ладзіла гучнае ўшаноўванне чэмпіёнаў, не шкадуючы для іх матэрыяльных узнагарод. А самі спартсмены дзякавалі вернасцю ў выглядзе адкрытай падтрымкі вайны ва Украіне.

Аднак самы вялікі цынізм сітуацыі з магчымым допускам расіян да Алімпійскіх гульняў складаецца ў іншым. У сваёй заяве Міжнародны алімпійскі камітэт адзначае, што «трэба паважаць правы ўсіх атлетаў не быць дыскрымінаванымі». А не ці дыскрымінаваныя ў такім выпадку ўкраінскія спартоўцы, якія з-за вайны не могуць рыхтавацца і спаборнічаць, якія страцілі свае дамы, родных і блізкіх людзей?

Некалькі самых абуральных прыкладаў:

18 жніўня 2022 года ў выніку абстрэлу Харкава загінула маці таленавітай украінскай лёгкаатлеткі Кацярыны Табашнік;

14 студзеня 2023 года ў выніку ракетнага ўдару па шматпавярхоўцы ў Дняпры загінуў трэнер зборнай Украіны па боксе Міхаіл Караноўскі;

23 студзеня 2023 года ў баях пад Бахмутам загінуў 25-гадовы ўкраінскі фігурыст, удзельнік юнацкіх Алімпійскіх гульняў-2016 Дзмітрый Шарпар;

26 студзеня пад тым жа Бахтутам атрымаў смяротнае раненне 25-гадовы лёгкаатлет-дзесяціборац Уладзімір Андрашчук.

Гэты спіс можна працягнуць і пашырыць.

Увогуле колькасць загінуўшых украінскіх спартсменаў, трэнераў і функцыянераў па алімпійскіх і неалімпійскіх відах падчас вайны з расіянамі і беларусамі дасягае некалькіх сотняў. У шэрагах Узброеных сіл знаходзяцца тысячы прадстаўнікоў украінскага спорту.

У выніку сістэматычных штодзённых бамбардзіровак грамадзянскай інфраструктуры пацярпела некалькі сотняў спартыўных аб'ектаў, на якіх трэніраваліся і выступалі ўкраінскія атлеты. У прыватнасці, разбураны лядовыя арэны ў Харкаве, Севераданецку Луганскай вобласці, Марыупалі і Дружкаўцы на Данеччыне.

Федэрацыя хакея Украіны пераканана, што пакуль украінскі спорт і астатняе грамадства захлынаецца ад крыві, слёз і жаху, пакуль штодня ад расійскай зброі і з маўклівай згоды расійскіх і беларускіх атлетаў гіне па некалькі сотняў нашых суайчыннікаў, расійскаму і беларускаму спорту не месца ні ў алімпійская сям'і, ні ў цывілізаваным грамадстве наогул», – гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.