Усе навіны

Дзмітрый Навоша: «Лічу, што ўпершыню з АГ-1980 і АГ-1984 перад алімпійскім рухам маячыць перспектыва шырокага байкоту»

7 лютага 2023, 10:22

Заснавальнік Tribuna.com Дзмітрый Навоша выказаў меркаванне аб тым, што Алімпійскія гульні ў Парыжы ў 2024 годзе можа чакаць байкот ад мноства краін з-за магчымага допуску беларускіх і расійскіх спартоўцаў, пра які задумваецца МАК.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартоўцы былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Я лічу, што пункт гледжання Уладзіміра Зяленскага [пра байкот АГ-2024, калі будуць дапушчаныя беларускія і расійскія спартоўцы] сапраўды мае права на існаванне. Яе можна аформіць і такімі словамі, што пакуль ва Украіне палае вайна, цякуць рэкі крыві, увогуле ўзнімаць пытанне аб вяртанні расійскіх і беларускіх спартсменаў не варта.

Пры гэтым я разумею і тое, чым кіруецца МАК, які спрабуе сысці ад татальнай забароны і зрабіць яе нетатальнай. У іх прапанове няма нічога наконт вяртання беларускага і расійскага сцягоў, членаў дэлегацый Расіі і Беларусі, але яны спрабуюць сфармуляваць нейкі шлях магчымага вяртання спартсменаў. І гэты шлях ім з Лазаны здаецца лагічным, калі на Алімпіяду могуць вярнуцца спартсмены, якія не ўдзельнічалі ў падтрымцы вайны, а не сакрэт, што і ў Беларусі, і ў Расіі прапаганда вельмі актыўна выкарыстоўвае спартсменаў у сваіх інтарэсах, у тым ліку мілітарысцкія.

Але я выдатна магу сабе ўявіць, чаму гэта выкліча ва Ўкраіне абурэнне, як там выклікае абурэнне ў прынцыпе наяўнасць нейкіх лідэраў меркаванняў, якія не заўважаюць гэтую вайну, ніяк яе не каментуюць, ад яе адхіліліся і робяць выгляд, што нічога не адбываецца.

– Як вы ацэньваеце магчымасць сапраўднага шырока байкоту Алімпіяды ў Парыжы ў выпадку, калі беларускія і расійскія спартсмены будуць дапушчаныя?

– Я лічу, што ўпершыню з 1980-х гадоў – Алімпіяды ў Маскве і Алімпіяды ў Лос-Анджэлесе – перад алімпійскім рухам маячыць перспектыва настолькі шырокага байкоту.

Мы ўжо маем масавую, вельмі гучную рэакцыю па ўсім свеце і гэта далёка не толькі Зяленскі ці ўкраінскія афіцыйныя асобы. НАК Латвіі заявіў, што яны не бачаць для сябе магчымасці ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях, калі там ёсць зборная Расіі. Падобную заяву зрабіў НАК Польшчы, НАКі некаторых скандынаўскіх краін – Нарвегіі і Швецыі – прынялі пункт гледжання Украіны.

І гэтую рызыку [байкоту] МАКу прыйдзецца разглядаць сур'ёзна, – сказаў Навоша.