Усе навіны

Аўстралійскі НАК падтрымаў ініцыятыву МАК дазволіць беларусам і расіянам спаборнічаць на АГ, нягледзячы на заклік урада адхіліць іх

23 лютага 2023, 10:45

У Аўстралійскім алімпійскім камітэце (AOC) паведамілі пра падтрымку ініцыятывы Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) дазволіць расійскім і беларускім спартсменам спаборнічаць пад нейтральным сцягам на Алімпіядзе ў Парыжы.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

Адзначым, раней урад Аўстраліі абвясціў пра далучэнне да закліку ў бок МАК забараніць расіянам і беларусам удзельнічаць у міжнародных турнірах.

Нягледзячы на рашэнне аўстралійскага ўрада далучыцца да кааліцыі, у AOC заявілі, што падтрымліваюць пазіцыю МАК непахісна.

«Гэта складаная і вельмі цяжкая праблема. У МАК ёсць паўнамоцтвы аб'яднаць свет з дапамогай мірных спаборніцтваў. Спорт дае нам гэтую надзею.

AOC падтрымлівае пазіцыю МАК адносна таго, што роля спорту заключаецца ў аб'яднанні свету праз мірныя спаборніцтвы – роля спорту складаецца ў тым, каб садзейнічаць гармоніі, а не караць асобных спартсменаў за палітыку і дзеянні іх урадаў.

Мы не можам дыскрымінаваць спартсменаў на аснове іх пашпартоў або дзеянняў іх урадаў», – сказаў спікер AOC.

Нагадаем, што Аўстраліі першапачаткова не было сярод тых, хто падпісаў ліст да МАК, у якім гаварылася, што пакуль паняцце «нейтральнасці» не вызначанае, яны не згаджаюцца з тым, што расійскіх і беларускіх атлетаў трэба вяртаць да спаборніцтваў.

Прадстаўнік міністэрства спорту заявіў, што адсутнасць была адміністрацыйнай памылкай і што ўрад згодны з меркаваннем, заяўленым у калектыўным лісце.