Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Спартсмены не адказваюць за дзеянні неадэкватных палітыкаў»

5 сакавіка 2023, 14:11

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін выказаўся пра праблемы расійскіх і беларускіх спартсменаў праз вайну ва Украіне.

– Як вы адчулі сітуацыю, што ў спартсменаў могуць узнікнуць праблемы праз вайну ва Украіне?

– Па-першае, добра вядома, што і Расія, і Беларусь былі на асаблівым уліку ў Міжнародным алімпійскім камітэце. Расія – у сувязі са шматлікімі допінгавымі скандаламі, найбуйнейшы з якіх адбыўся на зімовай Алімпіядзе ў Сочы, Беларусь – у сувязі з рэпрэсіямі супраць атлетаў пасля выбараў 2020 года. Таму было зразумела, што нават калі б і не адбылося парушэння алімпійскага замірэння на той час, МАК усё роўна ўвёў бы такія жорсткія захады. Бо гэта спосаб палітычнага ўздзеяння на краіны, дзе спорт выкарыстоўваецца перш за ўсё як прапагандысцкі інструмент.

Тут справа ідзе не пра тое, што спартсмены непасрэдна вінаватыя ў вайне. Яны, у прынцыпе, не адказваюць за дзеянні неадэкватных палітыкаў. Але ў гэтых недэмакратычных краінах любое дасягненне, нават асабістае, для атлета, успрымаецца як быццам бы гэта поспех палітыкаў або дасягненне дзяржавы. Мы бачылі гэта на прыкладзе Сабаленкі, калі Лукашэнка і Цяцерын публічна, для тэлебачання, паднялі кілішкі за перамогу тэнісісткі на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі па тэнісе. То бок казаць пра тое, што спорт і палітыка асобныя адное ад аднаго, абсалютна не выпадае. Таму зразумела, што такія крокі МАК – гэта яшчэ і захады супраць агрэсараў, якія карыстаюцца спортам для падтрымання сваіх палітычных мэтаў, – сказаў Апейкін.

Нагадаем, з 24 лютага 2022 году Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.