Усе навіны

Івулін з нагоды Дня Волі: «Трэба рабіць усё, што ў нашых сілах, каб Марына Золатава і амаль дзве тысячы беларусаў вярнуліся да сем'яў, а потым сотні тысяч – дадому»

25 сакавіка 2023, 21:12

Журналіст Tribuna.com Аляксандр Івулін выказаўся з нагоды Дня Волі, які адзначаецца 25 сакавіка.

«Вельмі хацеў дабрацца да Варшавы менавіта на Дзень Волі. Вы цудоўна ведаеце, як шмат для мяне значыць лічба 25. Для мяне гэта сімвал годнасці беларусаў. І сёння разам з некалькімі тысячамі землякоў я па-сапраўднаму «купаўся» (прывітанне польскаму дажджу) у супердушэўнай атмасферы. Шкада, пакуль даводзіцца святкаваць гэты дзень не ў любімым Мінску.

Пакуль так, але калі да цябе падыходзяць дзясяткі суайчыннікаў і просяць дазвол абняцца, то па скуры бягуць мурашкі. Удумайцеся, у іншай краіне незнаёмцы абдымаюцца, як найлепшыя сябры. У моманце яны шчаслівыя з-за таго, што адзін мае магчымасць ісці побач з іншым. Выбачаюся за штамп, але гэта найлепшы доказ, што беларус беларусу беларус.

Але свята-2023 для мяне з доляй суму. Усё проста. Ты бачыш мужа Марыны Золатавай не ў кампаніі жонкі. І разумееш, што не можаш апускаць рукі. Трэба рабіць усё, што ў нашых сілах, каб Марына і яшчэ амаль дзве тысячы чалавек вярнуліся да сем'яў, а потым сотні тысяч беларусаў – дадому», – напісаў Івулін у сваім інстаграме.