Усе навіны

Кіраўнік МАК Бах: «Мы не зможам прыдумаць рашэнне па допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў, якое задаволіць усіх. Прыйдзецца жыць з гэтым»

28 сакавіка 2023, 15:15

Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах на пасяджэнні выканкама пракаментаваў магчымы допуск беларусаў і расіян да міжнародных спаборніцтваў.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

«Удзел спартсменаў з расійскімі і беларускімі пашпартамі ў міжнародных спаборніцтвах працуе.

Мы бачым гэта амаль кожны дзень у шэрагу відаў спорту, асабліва ў тэнісе, а таксама ў веласпорце, на некаторых спаборніцтвах па настольным тэнісе.

Мы бачым гэта ў хакеі, гандболе, мы бачым гэта ў футболе і іншых лігах у Злучаных Штатах, а таксама Еўропе, і мы таксама бачым гэта на іншых кантынентах. Ні ў адным з іх не было інцыдэнтаў у сферы бяспекі.

Урады, на тэрыторыі якіх праходзяць спаборніцтвы, выдаюць візы (расійскім і беларускім спартсменам – заўв.) за вельмі рэдкім выключэннем, а ў іншых краінах яны нават выдаюць дазволы на працу гэтым гульцам і спартсменам», – сказаў Бах.

Таксама Бах дадаў, што палітыка не можа быць часткай спартыўных спаборніцтваў, а спартсмены не павінны карацца за пашпарты.

«Мы не зможам прыдумаць рашэнне, якое задаволіць усіх. Магчыма, нам давядзецца жыць з гэтым», – сказаў Бах.