Усе навіны

Былы дыктар «Барысаў-Арэны» Каверын: «Часам хочацца сказаць, што ў цябе баліць, а табе супрацьстаяць мільёны абыякавых, і, бывае, я зрываюся»

23 красавіка 2023, 15:41

Былы дыктар «Барысаў-Арэны», а цяпер вядучы YouTube-праекта «Звычайная раніца» Канстанцін Каверын у інтэрв'ю «Нашай Ніве» распавёў пра тое, як ставіцца да таго, як людзі перажываюць цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі.

– Як ставіцеся да тых, хто жыве так, нібыта палітвязняў няма?

– А як яны павінны жыць? У кожнага чалавека свая гісторыя. Напрыклад, айцішнік з’ехаў з Беларусі. Ён радасна катаецца па свеце, піша свае коды і атрымлівае заробак. У яго ўсё добра, і нам здаецца, што для яго не існуе ні палітвязняў, ні вайны. Але на самой справе ёсць, і мы ніколі не даведаемся, наколькі ў яго баліць і пра што яны гавораць за вячэрай з жонкай, колькі тысяч даляраў ці еўра ён ахвяраваў УСУ ці ў фонд «Байсол». Аднак ёсць і тыя, хто пайшоў у разгар вайны на мінскі канцэрт Лепса, і пра іх магу сказаць, што яны маральныя вырадкі.

Часам хочацца сказаць, што ў цябе баліць, а табе супрацьстаяць мільёны абыякавых, і, бывае, я зрываюся. Але розумам усведамляеш, што гэта не так, і абагульняць кагосьці да паняцця «яны» проста неразумна.

– Гісторыі пра тое, як Лепс і хакейнае мінскае «Дынама» збіраюць «Мінск-Арэну», вас пужаюць?

– Яны мяне вельмі моцна засмучваюць. У Мінску я жыў недалёка ад «Мінск-Арэны». Недзе ў 2020-2021 годзе ў адным з мясцовых пабаў сустрэлі з кампаніяй хлопцаў, якія ішлі з матча, яны яшчэ былі з хакейнымі шалікамі. У нас да іх узнікла пытанне, маўляў, чаму вы туды ходзіце, вы ж разумееце, што гэта праўладная гісторыя. Пачулі ў адказ: дык што мы, мы ж гэта самае, квіток на працы далі, мы ж дзеля дзяцей, абанемент жа набыты, трэба дахадзіць… Калі гутарыш з канкрэтным чалавекам, бачыш, што яму проста вельмі падабаецца хакей і ён пераступіў праз сябе. Ён разумее, што адбываецца. Калі мы хочам, каб людзі не хадзілі на хакей, мы ж мераем па найвышэйшых узорах сумлення, але ўсё нашмат складаней.

Упэўнены, што і на Лепса пайшло вельмі шмат людзей, якія не падтрымліваюць вайну, ім не падабаецца палітыка Расіі і Лукашэнкі. Але мяне гэта засмучвае, – сказаў Каверын.