Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Бах ідзе па шляху Фазеля. Сітуацыя з МАК можа скончыцца гучнымі адстаўкамі»

13 траўня, 20:42

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін выказаўся пра пазіцыю старшыні МАК Томаса Баха наконт допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

«Што тычыцца сітуацыі з сённяшнімі рашэннямі МАК і непасрэдна заявай старшыні Томаса Баха, у мяне ўзнікае пэўнае дэжавю з гісторыяй, якая была са старшынёй міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазелем.

Ён упарта прасоўваў правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі ў 2021 годзе, нягледзячы на масавае парушэнне правоў чалавека. Зразумела, што размова ішла не пра хакей, гэта была размова пра тое, што праз вялікую спартовую падзею была спроба рэжыму нармалізаваць сітуацыю, «перагарнуць старонку».

Фазель нават прапанаваў правесці прамовы і БФСС, і лукашэнкаўскаму НАКу, і расійскім прадстаўнікам у Маскве – вось такая была крывадушная прапанова. Скончылася гэта адстаўкай Фазеля і вялікім скандалам. І ў мяне ўражанне, што зараз па гэтым шляху вельмі ўпарта ідзе Томас Бах і робіць аналагічныя крокі.

Хутчэй за ўсё гэтая сітуацыя з МАК можа скончыцца гучнымі адстаўкамі ў бліжэйшыя часы, бо заігрываць з дыктатурай немагчыма. Калі ты пачынаеш гуляць з дыктатурай, ты 100 адсоткаў прайграеш».

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.