Усе навіны

Навоша пра завочны прысуд і пагрозы прапагандыстаў: «Гэта не ўпрыгожвае жыццё, але ставіць сябе ў пазіцыю ахвяры я не гатовы»

24 траўня, 17:30
1

Заснавальнік Tribuna.com Дзмітрый Навоша распавёў, як паўлываў на яго жыццё «завочны прысуд» да 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму ад рэжымнага суда Мінска.

«Я не лічу, што трэба дэвальваваць любыя формы рэпрэсіяў, якія адрасаваныя беларусам. І завочныя суды, гэта таксама форма рэпрэсій, канфіскацыі маёмасці. У мяне аднялі кватэру ў Мінску, нейкія пагрозы мне адрасуе прапаганда, гэта так ці інакш форма рэпрэсій.

Гэта не тое, што ўпрыгожвае жыццё, але і ставіць сябе ў пазіцыю ахвяры я таксама зусім не гатовы. Існуюць людзі, чые праблемы значна ў большай ступені нас павінны хваляваць. Гэта людзі, якія зараз у беларускіх турмах, ці ўкраінцы, якія працягваюць гінуць, у тым ліку і праз саўдзел Лукашэнкі ў расійскай вайне супраць Украіны.

Я ўсё роўна жывы і здаровы, мая зона свабоды значна большая, чым у любога з лукашыстаў, чым у людзей, якія выносілі мне нейкія прысуды або расследавалі мае справы. Яны не могуць выехаць за межы Беларусі, як зараз не могуць яе пакідаць большасць чыноўнікаў. Яны сядзяць там на прывязі, а я працую ў Еўропе, працягваю займацца сваёй дзейнасцю, і ў Беларусі ў тым ліку», – сказаў Навоша.

Нагадаем, што Навоша разам з яшчэ чатырма людзьмі з'яўляўся фігурантам крымінальнай справы аб стварэнні і адміністраванні Telegram-канала «Чорная кніга Беларусі», у якім публікаваліся дадзеныя супрацоўнікаў рэжымных структур, якія прымянялі гвалт у дачыненні да бяззбройных і дапускалі шматлікія парушэнні правоў грамадзянаў Беларусі. Рэжымны суд аб'явіў аднолькавыя тэрміны ўсім пецярым, але яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі, і ў рэжыма Лукашэнкі дэ-факта няма спосабаў фізічна адправіць іх за краты.