Усе навіны

Алімпійскі камітэт Расіі аб'явіў непрымальнымі дакументы міжнародных федэрацый. Там патрабуюць не падтрымліваць вайну ва Украіне для допуску да турніраў

25 траўня, 18:55

Кіраўнік Алімпійскага камітэта Расіі Станіслаў Пазнякоў заявіў пра недапушчальнасць падпісання расіянамі дэкларацый міжнародных спартыўных федэрацый для допуску да стартаў.

«Сёння правялі паседжанне выканкама Алімпійскага камітэта Расіі. Абмяняліся меркаваннямі з калегамі адносна нашых агульных актуальных задач.

Галоўная з іх -- аднавіць справядлівасць. У тым ліку, не толькі вярнуць спартсменаў на міжнародныя арэны, але са сцягам, гімнам і астатнімі атрыбутамі каманды Расіі на Алімпійскія гульні.

Працягнем падтрымліваць тых нашых спартсменаў, якія незаконна і беспадстаўна абмежаваныя ва ўдзеле ў міжнародных стартах на працягу апошніх 15 месяцаў.

Удзельнікі пасяджэння выказалі адзіную пазіцыю па недапушчальнасці падпісання расійскімі спартсменамі любых дэкларацый або іншых заяў палітычнага характару, якія супярэчаць заканадаўству РФ. Для нас гэта абсалютна непрымальна.

Будзем весці індывідуальную працу з нашымі спартыўнымі федэрацыямі па недапушчальнасці прыняцця любых супярэчных алімпійскай хартыі прапаноў з боку міжнародных арганізацый», -- напісаў Пазнякоў.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту. 28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.