Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Актыўная грамадская пазіцыя беларусаў стала прыкладам адказнасці атлетаў перад грамадствам за падтрымку»

26 траўня, 13:51

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін падзяліўся думкамі пра тое, як паўплываў беларускі спартыўны рух пасля выбараў-2020 на міжнародны спорт.

«Апошнім часам мала дзяліўся ўласнымі думкамі пра спорт. Не праз то, што не было чым дзяліцца, але з пачатку красавіка ўвайшоў у сапраўдны працоўны штурм (візіт у ЗША, канферэнцыя Athletes For Peace and Freedom у Таліне, гуманітарны праект у падтрымку Украіны, чарговы візіт у Кіеў). У такім рытме часам бывае не да рэфлексіі.

Сёння, зрабіўшы невялікую стратэгічную паўзу і ў рэтраспектыве дэтальна разглядзеўшы падзеі, якія адбыліся за апошнія тры гады, быў уражаны смеласцю і маштабам. Магу ўпэўнена сцвярджаць, што рух беларускіх атлетаў змяніў сусветны спорт. Дакладна там стала меней месца для цынізму і прагматызму, і ўсё болей месца для чалавечых каштоўнасцяў, праўды і здаровага розуму. Працэс нялёгкі, але ён распачаўся і няспынна ідзе ў патрэбным кірунку.

Антываенная дэкларацыя, якую мы распрацавалі, сёння становіцца асноўным прынцыпам для ўдзелу атлетаў з касты «мяне гэта не датычыцца». А розным Z-дэгенератам і ўвогуле больш няма месца ў спартыўнай сям'і. Актыўная грамадская пазіцыя беларускіх атлетаў у пытаннях ваеннай агрэсіі супраць Украіны і парушэння правоў чалавека ў Беларусі стала сусветным прыкладам адказнасці атлетаў перад грамадствам за шматгадовую любоў і падтрымку. Атлеты не могуць быць «па-за палітыкай», яны лідары меркаванняў і ў гэтым іх сацыяльныя місія і адказнасць.

Канешне, за гэтыя тры гады не ўсё было ідэальна. Былі спрэчкі і рознагалоссі, выгаранне і стомленасць, гучныя заявы і непаразуменні. Гэта нармальны грамадскі працэс, так уладкаваны людзі. Але былі і моцныя кампаніі, сапраўдныя эфектыўныя аплявухі хунце лукамора, узорная кансалідацыя і арганізаванасць, праца на 200% сваіх унутраных магчымасцяў. Як бы там ні было, у гэтым працэсе паўстала і загартавалася плынь моцных лідэраў спорту, якія ўжо змянілі не толькі Беларусь, але і свет. Прынамсі, спорт стаў тым тонкім мосцікам, які даў шанец на захаванне добразычлівых адносін паміж беларускім і ўкраінскім народамі ў будучыні», – напісаў Апейкін.