Польшча ўвяла санкцыі супраць Глеба, Вяргейчыка, Рутэнкi, Цiхана, Мархеля і iншых прадстаўнiкоў спорту Беларусі
МУС Польшчы паведаміла пра ўвядзенне з 29 мая санкцый у дачыненні да шэрагу грамадзян Беларусі, чыё знаходжанне на тэрыторыі Польшчы прызнана непажаданым.
У спіс трапілі, сярод iншых, спартсмены і спартыўныя функцыянеры.
У агульным пайменным спісе, размешчаным на сайце ведамства, знаходзяцца:
• лёгкаатлеты Анастасія Мірончык-Іванова і Максім Недасекаў, трэнер лёгкаатлетычнай зборнай Беларусі на АГ-2020 Юрый Майсевіч;
• былы галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Міхаіл Мархель, члены выканкама АБФФ Аляксандр Глеб і Юрый Вяргейчык, генеральны сакратар АБФФ Сяргей Жардзецкі;
• непрызнаны МАК кіраўнік алімпійскага камітэта Лукашэнкі Віктар Лукашэнка, яго намеснiк Дзмітрый Даўгалёнак, члены выканкама гэтага камiтэта Дзмітрый Баскаў (непрызнаны МАК) i Любоў Чаркашына;
• рэктар БДУФК Сяргей Рэпкін;
• міністр спорту Лукашэнкі Сяргей Кавальчук, яго намеснік Аляксандр Барауля і былыя намеснікі Вячаслаў Дурноў і Міхаіл Партны;
• кіраўнікі беларускіх федэрацый хакея Аляксандр Багдановіч, баскетбола Максім Рыжанкоў і намстаршыні БФБ Анатоль Якубенка, гандбола Уладзімір Канаплёў, барацьбы Алім Селімаў, тэніса Сяргей Рутэнка, лёгкай атлетыкі Іван Ціхан, сучаснага пяцібор“я Міхаіл Пракапенка, кікбоксінга і тайландскага бокса Юрый Караеў, каноэ Валянцін Байко, гомельскай федэрацыі хакея Віталь Уткін;
• кіраўнік «Беларуськалія» і куратар салігорскага «Шахцёра» Іван Галаваты, экс-гімнастка Кацярына Галкіна, трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская, параплывец Аляксей Талай.
Пакуль МУС Польшчы апублікавала не ўсе прозвішчы ўнесеных у спіс, навіна будзе абнаўляцца па меры паступлення даных.
Усяго санкцыі закранулі 365 чалавек і 20 арганізацый, якія, паводле звестак польскіх уладаў, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі, задзейнічаныя ў прапагандзе і рэпрэсіях, а таксама датычныя да ўтрымання ў зняволенні па ілжывых абвінавачваннях журналіста Андрэя Пачобута.
Адзначаецца, што актывы фігурантаў санкцыйнага спісу ў Польшчы замарожаныя, а таксама гэтым людзям мусіць быць забаронены ўезд у шэнгенскую зону.
