Усе навіны

Дзмітрый Навоша: «МАК не выконвае свае крытэры, не выдаліўшы са структур Тарпішчава, Ісінбаеву, якія падтрымліваюць агрэсію ва Украіне»

19 чэрвеня, 08:36

Заснавальнік Tribuna.com Дзмітры Навоша падзяліўся інфармацыяй, што МАК не выдаліў са сваіх структур некаторых расейскіх дзеячаў спорту, якія падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны.

«Міжнародны алімпійскі камітэт, прыняўшы рэкамендацыі аб частковым вяртанні расіян і беларусаў у сусветны спорт, абазначыў у якасці крытэра допуску непадтрымку атлетамі расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Але МАК сам дагэтуль не выконвае свае ж крытэры – не выдаліўшы са сваіх структур шасцярых расіян (Тарпішчаў, Пазнякоў, Папоў, улюбёнка Пуціна Ісінбаева і гэтак далей), якія маюць дачыненне да падтрымкі агрэсіі супраць Украіны, мабілізацыйных мерапрыемстваў, да актыўнасцяў расійскіх сілавых структур ужо пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

Рэдакцыя Трыбуны ў афіцыйным запыце да МАК указала на ўсе гэтыя факты і папрасіла іх пракаментаваць, але ў Лазане да гэтага часу не знайшліся, што адказаць. Журналісты Трыбуны працягнуць задаваць МАК гэтыя пытанні, у тым ліку на бліжэйшых прэс-канферэнцыях, але падключайцеся, калі ласка, і вы», – напісаў Навоша ў сваім Telegram-канале.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.