Усе навіны

Экс-хакеістка «Мiнска» Керноз: «Не чакалі, што Лукашэнка будзе абыходзіцца з народам так жорстка. Сваю ўладу ён гатовы ўтрымліваць любой цаной»

27 чэрвеня, 17:45

Украінская хакеістка Яўгенiя Керноз узгадала пра падзеі жніўня 2020 года.

На працягу шасці гадоў спартсменка выступала ў «Мiнскy».

– Ці думалі вы, што ў Беларусі да народа прыслухаюцца?

– Вядома, а як па-іншаму? Ва Украіне меркаванне людзей важнае, да яго прыслухоўваюцца. І я не разумею, як можна па-іншаму. Прэзідэнт – гэта ж чалавек, якога калісьці выбіралі людзі, і ён павінен лічыцца з меркаваннем народа. Таму мы былі ўпэўненыя, што ў беларусаў усё атрымаецца. Але тое, чым у выніку ўсё абярнулася, гэтым кровапраліццем, усё гэта вельмі страшна. І, паўтаруся, мы не чакалі, што Лукашэнка будзе з народам настолькі жорсткiм. Але сваю ўладу ён гатовы ўтрымліваць любой цаной.

– Якое ў вас было меркаванне пра Лукашэнку да 2020 года і ці змянілася яно пасля?

– Да ўсіх падзей я гэтага чалавека разглядала толькі са спартыўнага пункту гледжання. Маю на ўвазе, што цаніла, колькі ўвагі надаецца развіццю спорту ў краіне, як выдзяляюцца грошы. У тым жа хакеі на траве былі грошы, дзяўчынкі ездзілі на замежныя зборы. І для зборнай ствараліся ўсе ўмовы, каб яна магла рыхтавацца да міжнародных спаборніцтваў. Ды і самі спартсменкі ведалі, што калі даб'юцца нейкага выніку, то гэта не застанецца незаўважаным, дзяржава будзе выдзяляць яшчэ больш грошай. У гэтым плане падыход улады да спорту мне падабаўся, прынамсі тое, што было ў беларускім хакеі на траве.

Але пасля 2020 года меркаванне пра яго вельмі моцна памянялася. Усе гэтыя гісторыі з прымусам ставіць подпісы, фальсіфікацыя выбараў, збіццё простых беларусаў перакрэслілі ўсё добрае, што ён рабіў для спорту, – сказала Керноз.