Усе навіны

Парламент Украіны ухваліў зварот да лідараў замежных дзяржаў з прапановай забараніць уезд на іх тэрыторыю расійскім і беларускім спартсменам

10 жніўня, 12:30

Парламент Украіны ухваліў зварот Вярхоўнай Рады да лідараў і парламентаў замежных дзяржаў з прапановай забараніць уезд на іх тэрыторыю расійскім і беларускім спартсменам і спартыўным дэлегацыям, каб не дапусціць іх да ўдзелу ў міжнародных спартыўных спаборніцтвах.

Пра гэта паведаміў народны дэпутат і ўкраінскі барэц Жан Белянюк.

«У Расіі і Беларусі спорт з'яўляецца састаўной часткай дзяржаўнай прапаганды вайны. Большасць іх спартсменаў з'яўляюцца прадстаўнікамі сілавых структур і частка з іх прымае ўдзел у баявых дзеяннях у захопніцкай вайне супраць Украіны.

На суверэннай тэрыторыі Украіны ў выніку вайны, развязанай Расіяй гінуць ад бамбардзіровак спартсмены, губляюць жыццё і здароўе абаронцы краіны, якія вымушаны былі змяніць спартыўную форму на ваенную форму. Таксама разбураецца спартыўная інфраструктура, а многія юныя таленты вымушаны пакідаць нашу дзяржаву.

Мы – народныя дэпутаты Украіны, лічым памылковай палітыку Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) з рэкамендацыямі па вяртанні расіян і беларусаў у міжнародныя спаборніцтвы пад нейтральным сцягам.

Вярхоўная Рада лічыць, што знаходжанне такіх асоб на тэрыторыях іншых дзяржаў пагражае стабільнасці і нацыянальнай бяспецы. Таму звяртаемся да лідараў і парламентаў замежных дзяржаў з просьбай абмяжоўваць уезд на сваю тэрыторыю расійскім і беларускім спартсменам, спартыўным дэлегацыям.

У той час, калі МАК і некаторыя міжнародныя спартыўныя федэрацыі не здольныя зладзіцца з выклікамі часу, перакананыя, што гэта пад сілу дзяржаўным органам.

У выпадку ж бяздзейнасці міжнародных спартыўных інстытутаў сваё важкае слова павінна сказаць дзяржава, дзе будуць праходзіць Алімпійскія Гульні - у 2024 годзе. Мы ўдзячныя спадарыні мэру Парыжа Ан Ідальга, якая выступіла за забарону ўдзелу расіян у гэтых спаборніцтвах.

У сувязі з гэтым Вярхоўная Рада Украіны заклікае прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона і ўсіх адказных асоб не дапусціць на сваю тэрыторыю рашыстаў і беларусаў, якія прыкрываюцца спортам, і вызнаюць антычалавечую прапаганду. Верым, што дзякуючы Вашай сумеснай падтрымцы мы ачысцім нашу зямлю ад ворага і сусветны спорт будзе ачышчаны ад прадстаўнікоў дзяржаў-агрэсарак», - гаворыцца ў тэксце звароту.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.