Усе навіны

Арцём Шрайбман: «Ідуць размовы пра допуск беларускіх спартсменаў у абмен на добрыя жэсты з боку рэжыму Лукашэнкі»

4 верасня, 10:39

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман падзяліўся меркаваннем аб магчымым выхадзе палітвязняў з беларускіх турмаў у абмен на саступкі з боку краін Захаду.

– Калі была б магчымасць у каго-небудзь – Швейцарыі ці Ватыкана – арганізаваць перамовы па выхадзе [з беларускіх турмаў] тых, хто мае вострую патрэбу ў свабодзе, то Франак Вячорка не стаў бы выходзіць і казаць пра тое, што выйсці павінны ўсе [палітвязні] ці ніхто.

Ведаю, ідуць размовы пра тое, каб дапускаць беларускіх спартсменаў [да міжнародных спаборніцтваў] і неяк даводзіць па лініі набліжаных да Лукашэнкі людзей, што спартсмены паедуць, але калі будуць добрыя жэсты з ягонага боку.

Але ў мяне складваецца ўражанне, што Лукашэнка і людзі вакол змірыліся з тым, што адносіны непапраўныя і таму не варта старацца. Няма такога настрою на гандаль, на размову.

Усе папярэднія адлігі-замаразкі суправаджаліся зменай настрою ў беларускага рэжыму: мы мочым – мы адпускаем. А зараз нават не спее жаданне паэкспераментаваць з лібералізацыяй. На жаль, не бачу простага шляху, каб актываваць гэтае жаданне, – сказаў Шрайбман.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.