Все новости

Украінская лёгкаатлетка Рыжыкава: «Калі беларусаў дапусціць у нейтральным статусе, яны таксама загорнуцца ў сцяг і будуць выкарыстаныя ў прапагандзе»

7 кастрычніка, 17:04

Украінская лёгкаатлетка Ганна Рыжыкава падзялілася меркаваннем наконт магчымага допуску беларускіх і расійскіх спартсменаў да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях:

– Вельмі шмат выпадкаў таго, што дапушчаныя атлеты або падтрымлівалі вайну, або з'яўляюцца дзеючымі спартсменамі ў сваіх ваенных спартыўных клубах і маюць званне. Таму мы не ўпэўненыя ў тым, што існуе сапраўды надзейная сістэма, якая іх правярае. І я лічу, што трэба абавязкова, каб яны падпісвалі дэкларацыю і публічную заяву аб тым, што яны не падтрымліваюць вайну.

– Гэта значыць, калі заўтра яны падпішуць антываенную дэкларацыю, то вы гатовыя з імі сапернічаць на Алімпіядзе?

– Не, я кажу, што нельга іх дапускаць, таму што нават калі ім далі шанец выступаць нейтральнымі, яны працягваюць падманваць. Вядома, мы асуджаем тое, што іх дапусцілі. Мы не жадаем з імі спаборнічаць, бачыцца, перасякацца ў якіх-небудзь сферах, тым больш у спорце. Для нас недапушчальна спаборнічаць з імі на адных дарожках. Учора здарылася страшная трагедыя. Загінуў 51 чалавек. Сёння гэтак жа ўдарылі па хаце, забілі людзей, дзіця загінула. Як можна спаборнічаць з людзьмі, якія маюць дачыненне? Яны ўсё роўна ўсе падтрымліваюць свой урад.

– Украінскія спартоўцы не могуць байкатаваць Алімпіяду, таму што тады пра іх проста забудуюць. Што могуць зрабіць?

– Мы стараемся супрацоўнічаць з нашымі сябрамі, з нашымі калегамі па спорце, каб яны разумелі, што сапраўды мы пакутуем. Калі нам даводзіцца байкатаваць спаборніцтвы, мы робім гэта ў такім выглядзе, каб прыцягнуць максімальную да гэтага ўвагу. Паказваем, што мы маем патрэбу ў падтрымцы, мы абараняемся і мы жадаем жыць. А краіна-тэрарыст напала на нас і спрабуе забраць нашыя жыцці, нашыя спартыўныя кар'еры і нашу тэрыторыю.

Напрыклад, так робяць тэнісісткі, не паціскаючы рукі. У людзей, у гледачоў узнікае пытанне, а чаму гэта адбываецца? Чаму ўкраінцы так робяць? І яны пачынаюць цікавіцца вайной, цікавіцца, чаму людзі змушаныя так абараняцца. Калі Вольга Харлан не паціснула руку пасля свайго выступу, гэта прыцягнула максімальную колькасць увагі.

– Ці ёсць у вас разуменне, што ёсць лукашысты і ёсць проста незалежныя спартсмены, якія патрабуюць пляцоўкі для ўдзелу?

– У расійскіх і беларускіх спартсменаў ёсць права на тое, каб бяспечна займацца спортам, чаго пазбаўленыя зараз украінскія спартсмены. Так, у украінцаў ёсць магчымасць выступаць на міжнародных спаборніцтвах. Але што будзе праз два алімпійскія цыклы? Тыя дзеці, якія зараз не прыйшлі ў секцыі, у нас не трапяць у каманду, не будзе каманды Украіны больш.

Калі лічыць, што парушаны правы атлетаў, якія не могуць выступаць на міжнародных спаборніцтвах, то мы не можам мець бяспечнае месца для трэніровак у краіне. Тут рознага ўзроўню права парушаны. Я не ведаю, як адгарадзіць беларускіх спартоўцаў, якія сапраўды супраць вайны і нейтральныя, таму што ўсё роўна будзе лезці прапаганда. Нават калі дапусціць нейтральнага спартоўца, я думаю, што на яго той самы будзе ўплыў, ён вернецца, яго загорнуць у сцяг, і будуць выкарыстоўваць у прапагандзе, – распавяла Рыжыкава.