Усе навіны

Анатоль Котаў: «Трэба працаваць з міжнароднымі федэрацыямі, каб яны маглі каго-небудзь з беларусаў накіраваць на АГ без умяшання НАК»

22 кастрычніка, 16:19

Кіраўнік міжнароднага дэпартамента Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў падзяліўся меркаваннем аб чарговай сесіі МАК.

– Па-першае, сесія прынесла пэўную палёгку самому спадару Томасу Баху, таму што акурат напярэдадні гэтага форуму Алімпійскі камітэт Расеі (АКР) прыняў рашэнне аб тым, што ў яго будуць уваходзіць і алімпійскія саветы акупаваных тэрыторый Украіны. Тым самым, з’явілася фармальная падстава прыпыніць членства АКР. На маю думку гэта быў наўмысны крок з боку Расеі, які падкрэслівае глупства і нахабства ўлады гэтай краіны. Вядома, што АКР не незалежны ад Крамля. Такі крок тлумачаць артыкулам Канстытуцыі РФ, якая на пяньках, вобразна кажучы, была прынятая год таму з улікам захопленых тэрыторыяў Украіны. І на гэтым – усё. З іншага боку, МАК увёў дзве папраўкі ў Алімпійскую хартыю, што тычацца павагі да агульнапрызнаных міжнароднай супольнасцю правоў чалавека, адным з якіх з’яўляецца права займацца спортам.  На маю думку, гэтыя папраўкі супярэчаць адна адной. Агульная фармулёўка прызнання правоў чалавека заўсёды дазваляе караць тых, хто гэтыя правы не паважае. Але асноўным лічыцца права на жыццё. А таксама права выбару. 

З аднаго боку, МАК узяўся  караць тыя краіны, у якіх масава парушаюцца правы чалавека, у тым ліку і правы спартоўцаў. З іншага – яны не могуць пазбавіць усіх уладальнікаў, як кажуць, расейскіх ці беларускіх пашпартоў удзелу ў Алімпіядзе, бо і гэта ёсць права: на заняткі спортам. 

Вось зараз такое ў хартыю прапісалі. Зрабілі крок наперад і адначасова – назад, апынуўшыся ў тым самы месцы, адкуль пачыналі. У гэтым відаць, яны бачаць універсальную юрысдыкцыю, якая, быццам бы, дазваляе больш гнутка падыходзіць да падобных сітуацыяў. Што важней: права на жыццё, ці права займацца спортам? На гэтае пытанне МАК упарта не хоча адказваць. 

– Што вы думаеце адносна рашэння, якое датыць перспектываў нейтральных спартоўцаў удзельнічаць ў спаборніцтвах? 

– Я лічу гэта пазітыўным вынікам сесіі ў Індыі. Хоць не вызначаны яшчэ сам механізм, але, прынамсі, кірунак ёсць. Права абіраць такіх атлетаў аддадзена міжнародным федэрацыям. Вельмі істотная рэч для тых, хто не можа разлічваць на нацыянальныя алімпійскія камітэты. Не магу сказаць як з боку Расеі, але для вольных беларусаў гэтая навіна вельмі добрая. Зараз нам трэба працаваць з міжнароднымі федэрацыямі па відах спорту, каб яны маглі каго-небудзь накіраваць у Парыж без умяшальніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) Рэспублікі Беларусь з яе нелегітымным прэзідэнтам Віктарам Лукашэнкам, – сказаў Котаў.