Усе навіны

Анатоль Котаў: «Падтрымка Беларусі расiйскай істэрыі можа каштаваць канчатковай забароны на ўдзел у Алімпіядзе»

16 лістапада, 20:31

Кіраўнік міжнароднага дэпартамента Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Анатоль Котаў у інтэрв'ю Tribuna.com падзяліўся меркаваннем аб магчымай рэакцыі алімпійскага камітэта Лукашэнкі на рэкамендацыі МАК.

– Ці чакаць нейкай рэакцыі алімпійскага камітэта Лукашэнкі на рэкамендацыі МАК?

– Думаю, зараз ніякіх публічных крокаў з боку Беларусі мы не ўбачым. Таму што публічная падтрымка расiйскай істэрыі можа каштаваць беларусам канчатковай забароны на ўдзел нашых спартоўцаў у Алімпіядзе ў Парыжы. А гэта занадта высокая цана ў сітуацыі, калі перспектывы правядзення Гульняў сяброўства вельмі туманныя.

Мне здаецца, нейкая рэакцыя рушыць услед толькі пасля таго, як загасне алімпійскі агонь у Парыжы. Але калі будзе відавочна, што ў Расію не паедуць бліжэйшыя саюзнікі хаця б па постсавецкай прасторы, калі яны рушаць услед рэкамендацыям МАК (думаю, так і будзе), то і Беларусь, цалкам магчыма, не стане адпраўляць сваіх спартоўцаў. Проста скажуць: «Мы, вядома, з вамі, але, прабачце, у дадзенай сітуацыі паступім, як большасць». Проста для таго, каб не атрымаць ад МАК дадатковых санкцый за парушэнне рэкамендацый, – сказаў Котаў.