Усе навіны

Намеснік Кавальчука Дараховіч: «Беларускага інвентару стала больш. Усё гэта не набыта адміністрацыйна-гвалтоўным шляхам»

19 студзеня, 10:52

Першы намеснік «міністра» спорту Лукашэнкі Аляксандр Дараховіч распавёў аб вытворчасці ў Беларусі спартыўнага інвентара.

Нагадаем, што шматлiкія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

– Уся гэтая санкцыйная палітыка ў спорце стварае праблемы з імпартным абсталяваннем, экіпіроўкай, інвентаром. Як выходзіце з сітуацыі?

– Цяпер займаем вельмі актыўную пазіцыю ў гэтым пытанні і стараемся, каб беларускага інвентара стала больш не толькі на юнацкім узроўні, але і ў спорце вышэйшых дасягненняў. За мінулы год мы на 20 % павялічылі беларускі складнік у інвентары. Гэта добрая дынаміка.

– Прыклады можаце прывесці?

– У лыжных гонках за выключэннем чаравік і лыжаў усё астатняе – беларускай вытворчасці ў экіпіроўцы спартсменаў. Усё гэта не набыта адміністратыўна-гвалтоўным шляхам. Экіпіроўка прайшла шматразовыя выпрабаванні.

Ужо навучыліся адшываць камбінезоны і ўсё астатняе. Пакуль з імпартнай тканіны. Але працуем з трыма фабрыкамі канцэрна Беллегпрам, каб мець сваё палатно, сваю сыравіну для спорту высокіх дасягненняў і быць незалежнымі.

Цяпер на атэстацыі адно з пытанняў, якое задаю федэрацыям: «Якая беларуская экіпіроўка ў вас з'явілася ў 2023-м годзе?» І мы разам імкнемся знайсці аптымальны варыянт забеспячэння каманд. Бо дыялог, зваротная сувязь вельмі важныя, – сказаў Дараховіч.