Tribuna/Іншыя/Блогі/Iмпартазамяшчэнне ў белспорце: выраб шайб усё запускаюць з 2020-га, з iншым для хакея працуюць у калонiях, успомнiлi пра лыжы

Iмпартазамяшчэнне ў белспорце: выраб шайб усё запускаюць з 2020-га, з iншым для хакея працуюць у калонiях, успомнiлi пра лыжы

Вось што па цэнах.

Аўтар — Pam-pam
21 лютага, 09:00
Iмпартазамяшчэнне ў белспорце: выраб шайб усё запускаюць з 2020-га, з iншым для хакея працуюць у калонiях, успомнiлi пра лыжы

Ва ўмовах эканамічных санкцый імпартазамяшчэнне стала важным аспектам публічных заяваў урада Лукашэнкі. Рыторыка рэжымнікаў часта зводзіцца да таго, што ці ледзь не любы тавар можна вырабіць і ў нашай краіне.

Толькі вось на выхадзе часта атрымліваецца як з «інавацыйнымі» планшэтамі «Гарызонт», калі пад выглядам арыгінальнага тавару прапануюць кітайскі гаджэт з беларускай налепкай.

Трэнд на імпартазамяшчэнне пракраўся і ў спартыўную сферу. Але ж вытворчасць часта вельмі спецыфічная.

Хакейную форму шыюць у папраўчай калоніі № 4 у Гомелi, куды рэжым адправіў, сярод iншых, палiтзняволеных Марыю Калеснікаву, Марыну Золатаву, Марфу Рабкову, Кацярыну Андрэеву. Афіцыйны сайт мясцовага «прадпрыемства» прапануе ахоўную экіпіроўку і непасрэдна саму форму – праўда, без цэн. Даведацца кошт тавару, які вас цікавіць, можна толькі па запыце.

Поўнага імпартазамяшчэння не атрымалася – некаторыя тавары вырабляюць з турэцкіх і кітайскіх, а не беларускіх матэрыялаў.

У папраўчай калоніі № 2 у Бабруйску, дзе каля 10 працэнтаў зняволеных адбываюць пакаранне па палітычных матывах, вырабляюць хакейныя клюшкi. Гэта гісторыя пачалася ў 2017-м – тады яшчэ лукашэнкаўскі «міністр унутраных спраў» Iгар Шуневіч выконваў ролю старшыні назіральнай рады мінскага «Дынама» і прэзентаваў дыктатару першыя экзэмпляры.

Сёння клюшкі знаходзяцца ў адкрытым продажы. Кошт драўлянай – 6 долараў, з кампазітных матэрыялаў з шаўкаграфіяй – 30 з невялiкiм, а самая дарагая – з кампазітных матэрыялаў з налепкай, яна каштуе больш за 65 долараў. Адзначым, што гэтыя цэны не змяняюцца як мiнiмум з 2022 года, калi ўжо фiксавалiся на «Трыбуне».

Зняволеным за працу пры гэтым плацяць літаральна капейкі. Напрыклад, былая палітзняволеная Наталля Хершэ расказвала, што яе першы заробак у гомельскай калоніі быў 6 рублёў 66 капеек.

Пра выкарыстанне лукашэнкаўскага прадукту не паведамляў ні адзін з хакейных клубаў краіны. Для параўнання, адна з папулярных мадэляў клюшкі прафесійнага брэнда Bauer каштуе ў беларускiх крамах ад 97 да 116 долараў, але сярод усяго раду брэнда можна знайсці і ў два разы танней.

Яшчэ адным аб’ектам імпартазамяшчэння сталі шайбы – iх выраб аддалі заводу «Белшына». Навіна пра запуск у серыйную вытворчасць зʼявілася ў студзені 2024-га. Хаця звесткi пра пачатак штампоўкi шайб на «Белшыне» прыходзiлi яшчэ ў 2020-м – тады мясцовыя канструктары нахвальвалі сваю распрацоўку і казалі, што яна не горшая за шайбы, вырабленыя ў Канадзе і Славакіі.

У 2022-м шайбы «Белшыны» дарылi Лукашэнку, прадстаўляючы як «новы вiд прадукцыi». Дыктатар тады заявiў, што з таго моманту быццам бы ўсе беларускiя клубы будуць набываць шайбы толькi ў Бабруйску. Але ж нiчога такога не назiраецца – ёсць iнфармацыя, быццам бы з мясцовай прадукцыяй трэніруецца бабруйская малладзёжная каманда «Дынама-Шыннік», ды ўсё на гэтым.

Знайсці ў свабодным продажы шайбу «Белшыны» нам не ўдалося – пытанне кошту застаецца адкрытым.

Нядаўна была прадстаўленая яшчэ адна «навiнка» – лінейка беларускіх лыж «Целяханы». У 2018-м Лукашэнкі назваў іх дубовымі і не адпаведнымі сучасным трэндам. Зрэшты, новы ўзор прэзентавалі толькi ў 2022-м. Тады прадстаўляў iх ажно кіраўнік лукашэнкаўскай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў – запэўніваў, што па якасці яны супастаўныя з імпартнымі. Але пра масавую вытворчасць звестак не паступiла.

У пачатку лютага 2024-га Лукашэнка зноў узняў тэму лыжаў – заявіў, што на iх трэба дзецям займацца на вуліцы. Тут рэакцыя была вельмi хуткай – ужо праз два тыдні на прадпрыемстве прадставілі новыя экзэмпляры. Па заяве прадстаўнікоў «Целяханаў», цяпер лыжы больш лёгкія і якасныя, чым раней.

Пакуль новыя экземпляры чакаюць сваіх тэстаў, старыя мадэлі прадаюцца на розных пляцоўках. Пластыкавыя каштуюць у раёне 30 долараў.

Пры гэтым замежныя брэнды аматарскіх лыжаў ацэньваюцца прыкладна ў такiя ж грошы.

Кошты на драўляныя лыжы ад «Целяханаў» стартуюць ад 6 долараў – аднак з наяўнасцю ёсць праблемы.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты