Tribuna/Іншыя/Блогі/Арубанка з апошняга месца, зорка НБА, сябар-канкурэнт Самсонава – яны правераць беларусаў на нейтральнасць для АГ

Арубанка з апошняга месца, зорка НБА, сябар-канкурэнт Самсонава – яны правераць беларусаў на нейтральнасць для АГ

Дапаможа французская юрыстка.

20 сакавіка, 18:00
Арубанка з апошняга месца, зорка НБА, сябар-канкурэнт Самсонава – яны правераць беларусаў на нейтральнасць для АГ

У Міжнародным алімпійскім камітэце 19 сакавіка адбылося паседжанне выканкама, на якім былі ўзгодненыя аспекты ўдзелу на Алімпійскіх гульнях у Парыжы спартсменаў з беларускім і расійскім пашпартам, якiя будуць выступаць на АГ-2024 у статусе iндывiдуальных нейтральных атлетаў (AIN).

На выканкаме сярод іншага было прынята рашэнне пра афiцыйны няўдзел беларускіх і расійскіх спартсменаў у цырымоніі адкрыцця Алімпіяды (пра цырымонію закрыцця вырашаць пазней). Таксама ў МАК паведамілі, што ўзнагароды, выйграныя нейтральнымі спартсменамі, не будуць адлюстроўвацца ў медальным заліку АГ. А яшчэ спрагназавалі колькасць беларусаў, якія прымуць удзел у парыжскіх гульнях (22) і прадставілі сцяг і гімн нейтральных атлетаў.

Акрамя таго, у МАК абвясцiлі пра стварэнне камісіі AINERP – для праверкі беларускіх і расійскіх спартсменаў на адпаведнасці крытэрыям нейтральнасці. Паведамляецца, што МАК дэлегаваў камісіі паўнамоцтвы запрашаць нейтральных спартсменаў і дапаможны персанал для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях. Таксама ў задачы AINERP будзе ўваходзіць нагляд за выкананнем прынцыпаў удзелу ўсіх нейтральных спартсменаў і персанала, а таксама інфармаванне дысцыплінарнай камісіі МАК у выпадку парушэнняў.

AINERP зрабiлi невялiкай – тры члены ды сакратар. Раскажам пра кожнага з іх падрабязней.

Ніколь Ховерц

Адзiная жанчына з чатырох віцэ-прэзідэнтаў МАК прадстаўляе далёкую Арубу – востраў на поўдні Карыбскага мора паблізу берагоў Венесуэлы. На Арубе жывуць усяго крыху больш за 100 тысяч чалавек, а палiтычна тэрыторыя з’яўляецца аўтаномiяй у складзе Нiдэрландаў. Але алiмпiйскi камiтэт i каманда на Гульнях у Арубы свае.

Ховерц некалi была сінхраністкай – i нават прымала ўдзел на АГ-1984 у Лос-Анджэлесе яшчэ як прадстаўнiца каманды Нiдэрланскiх анцiльскiх астравоў. Але без поспехаў – Ховерц стала апошняй, 50-й, у сола ды зноў жа апошняй, 18-й, у дуэтах, з напарнiцай Эштэр Крус. На АГ-1988 у Сеуле Ховерц ужо трэнiравала зборную Арубы, але яе падапечныя зноўку занялi месцы ў самым нiзе таблiцы (у дуэтах – апошняе).

З пачатку 1990-х Ховерц стала працаваць ва ўрадзе Арубы i да гэтага часу з’яўляецца сакратаркай арубскага кабмiну. А паралельна зрабiла кар’еру спартыўнага функцыянера – з 2006-га член МАК, удзельнiк шматлiкiх камiсiй арганiзацыi, з 2017-га ўваходзiць у выканкам, а з 2021-га займае пасаду вiцэ-прэзiдэнта.

Пау Газоль

Іспанскі баскетбаліст і зорка НБА, які выступаў у наймацнейшай лізе свету на працягу 20 сезонаў у складзе «Мемфіс», «Лэйкерз», «Чыкага», «Сан-Антоніа» і «Мілуокі». З «азёрнымі» Газоль станавіўся чэмпіёнам НБА ў 2009 і 2010 гадах i быў такiм важным гульцом, што клуб у 2023-м вывеў 16-ы нумар iспанца з ужывання. Са зборнай Іспаніі Газоль выйграваў ЧС у 2006-м, тройчы перамагаў на ЧЕ ў 2009, 2011 і 2015 гадах. У АГ удзельнiчаў пяць разоў, браў сярэбраныя (2008 і 2012) і бронзавыя (2016) медалі.

Членам МАК Газоль стаў у 2021-м – годзе завяршэння гульнявой карʼеры. Адразу трапiў Газоль у камісіі спартсменаў – на выбарах сярод яго канкурэнтаў быў Максім Мірны, але беларускаму экс-тэнiсiсту не хапiла галасоў. Таксама Газоль – член камiсiй па каардынацыi АГ-2028 ды па этыцы.

Ру Сын Мін

Прадстаўнiк Паўднёвай Карэi – уладальнік залатога (2004), сярэбранага (2012) і бронзавага (2008) медаля Алімпійскіх гульняў у настольным тэнісе. У 2016 годзе стаў членам МАК i быў абраны ў камісію спартсменаў. З гэтым яго віншаваў найлепшы беларускі гулец у настольны тэніс Уладзімір Самсонаў.

– Рады за выдатнага спартсмена і добрага сябра. Ён, безумоўна, прарабіў вялікую працу. Яго абранне – радасная навіна для настольнага тэніса, – казаў Самсонаў.

Згодна са статыстычнымi сайтамi, Самсонаў і Ру гулялі адзін супраць аднаго сем раз – i першыя пяць сустрэч засталiся за беларускiм тэнiсiстам. А вось два матчы ў 2011-м засталiся за карэйцам, якi ўжо ў 2013-м, усяго ў 30 гадоў, скончыў гуляць.

Пакерэт Жырар Запелі

Сакратарка AINERP мае вельмi вялiкi юрыдычны досвед: яна атрымала адпаведную адукацыю i амаль 20 гадоў адпрацавала ў французскiх судах, а пару гадоў нават узначальвала мiжнародную асацыяцыю суддзяў.

У МАК Жырар Запелi займае адну пасаду з 2002 года – галоўны спецыяліст па этыцы і выкананні нарматыўных патрабаванняў. На сваiм месцы яна ўдасканальвае Кодэкс этыкi МАК i нават расследуе справы па парушэннях прынцыпаў этыкi ў спорце, а таксама адказвае за ўнутраны кантроль у МАК.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты