Tribuna/Іншыя/Блогі/Красавiцкi вал беларускiх лiцэнзiй на АГ – вось хто ўзяў (ёсць якут i аварац) i наколькi яны «нейтральныя» для МАК

Красавiцкi вал беларускiх лiцэнзiй на АГ – вось хто ўзяў (ёсць якут i аварац) i наколькi яны «нейтральныя» для МАК

Адзiн патэнцыйны ўдзельнiк Парыжа прыняў захады загадзя.

10 красавіка, 11:40
Красавiцкi вал беларускiх лiцэнзiй на АГ – вось хто ўзяў (ёсць якут i аварац) i наколькi яны «нейтральныя» для МАК

У першай дэкадзе красавiка беларускія спартсмены ўзялі адразу сем алімпійскіх ліцэнзій – да гэтага iх было ўсяго 10. Пяць узялi барцы вольнага стылю на еўрапейскай алімпійскай кваліфікацыі ў Баку, дзве – цяжкаатлеты, у якiх з этапам Кубка свету ў Пхукеце сканчваецца доўгi шлях адбору (там можа быць i яшчэ пуцёўка).

Але цi пусцiць МАК гэтых людзей на Гульнi цi яны не пройдуць з-за крытэрыяў i патрабаванняў да AIN, індывідуальных нейтральных атлетаў? Давайце разбiрацца, хто прэтэндуе на паездку ў Парыж.

Арыян Цютрын

Адзiн з некалькiх натуралізаваных у беларускую барацьбу спартсенаў з Якуцii – вялiкага рэгiёна на паўночным усходзе Расii. Два яго землякi сталi часткай вялiкага фэйла зборнай Беларусi на ЧС-2023, але сам Цютрын там не выступаў.

Цютрын шмат гадоў выступаў у сваёй катэгорыi да 57 кг у Расii, але станавіўся звычайна трэцiм на чэмпiянаце краiны i амаль не ўдзельнiчаў у мiжнародных спаборнiцтвах. А ў 2021-м знайшоўся ў Беларусi – выйграў ЧБ, а потым паехаў на чэмпiянат свету i ўзяў там бронзу. Цяпер жа 29-гадовы якут упершыню адабраўся на АГ.

Але ж камiсiя МАК AINERP па допуску AIN на Гульнi павiнна задаць пытаннi, таму што Цютрын, якi ў Расii шмат гадоў быў членам ЦСКА, у «спiсачным складзе» зборнай Беларусi на 2024-ы адносiцца да таварыства «сiлавiкоў» Лукашэнкi «Дынама». А членства ў такiм жа расiйскiм таварыстве стала адной з прычын нядопуска да адбору на АГ расiянiна Абдулрашыда Садулаева.

Магамедхабіб Кадзімагамедаў

29-гадовы аварац – гэта адзiн з невялiкiх народаў Дагестана, дзе нарадзiўся Кадзiмагамедаў – выступае за зборную Беларусі з 2020-га года. Спартсмен змянiў каманду на фоне таго, што ў яго вазе да 74 кг у Расii штампаваў перамогi супернiк Заўрбек Сiдакаў. За Беларусь Кадзiмагамедаў стаў чэмпiёнам Еўропы ў 2020-м, потым паспеў падпiсацца за рэжым Лукашэнкi, а на АГ у 2021-м дайшоў да фiнала – але без шанцаў прайграў усё таму ж Сiдакаву.

У 2023-м Кадзiмагамедаў стаў часткай згаданага правалу на ЧС-2023, але ў 2024-м узяў срэбра ЧЕ, а цяпер i алiмпiйскую лiцэнзiю. Але ў «спiсачным складзе» дагестанец таксама ўказаны як член «Дынама», што можа насцярожыць AINERP.

Аляксандр Гуштын

30-гадовы ўраджэнец Свіслачы выступае ў вазе да 97 кг. Ён трохразовы сярэбраны прызёр чэмпіянатаў Еўропы у 2017-19 гадах, таксама ўзяў бронзу на Еўрагульнях-2019 у Мінску. Прайшоў адбор на АГ у Токіа, дзе ў першым раўндзе саступіў кубінцу Рэйнэрысу Саласу i так стаў 12-м.

Гуштын па дакументах нiяк не звязаны з рэжымнымi «сiлавiкамi». А ў 2019-м барэц выступаў супраць татальнай натуралiзацыi ў сваiм вiдзе – замежнiкаў называў «закошанымi».

– Нашы хлопцы ламаюцца, сыходзяць са спорту. Усё з-за практыкі завозу «закошаных» у юнацкім узросце. Людзі губляюць матывацыю, таму што іх прымушаюць канкураваць з маладымі каўказцамі, і часцей за ўсё каўказцы старэйшыя за нашых. Я супраць «закошаных» – на этапе станаўлення беларускіх барцоў. Трэнеры рыхтуюць, рыхтуюць спартсменаў, а потым – раз, каўказец. Заўзятары, наколькі ведаю, дрэнна ставяцца да завозу каўказцаў. Але кіраўніцтву нашага спорту патрэбныя медалі, без розніцы, хто іх прыносіць, – наракаў Гуштын.

Дзяніс Храмянкоў

У 27-гадовага мінчаніна, якi выступае ў самай цяжкай катэгорыi да 125 кг, галоўныя дасягненнi – золата моладзевага ЧЕ-2018 i бронза Кубка Свету-2020. Яшчэ быў праход квалiфiкацыi у Токіа – на Гульнях спартсмен у 1/8 фіналу ўступіў манголу Лхагвагэрэлу Мунхтуру, стаўшы ў вынiку дзявятым. Цяпер у яго можа быць другi алiмпiйскi шанц – але перашкодзiць яму можа тое, што ў «спicачным складзе» ён пазначаны як прадстаўнiк спартыўнага клуба ўзброеных сіл Лукашэнкі.

Ірына Курачкіна

29-гадовая ўраджэнка Магілёўскай вобласці мае ў сваiм актыве бронзы чэмпіянатаў свету 2017 і 2019 гадоў, золата Еўрапейскіх гульняў у Мінску, тры золаты і адно срэбра ЧЕ і сярэбраны медаль АГ у Токіа. Пасля японскага поспеху Курачкiна, якая да яго паспела падпiсацца за рэжым, прызнавалася, што ў яе «раней былi моманты, калі заносіла», таму яна «пастаянна апускае сябе на зямлю».

Курачкiна казала, што марыць пра золата АГ, цяпер у сваёй катэгорыi да 57 кг узяла пуцёўку ў Парыж, аднак AINERP можа напружыць, што ў «спiсачным складзе» спартсменка пазначана членам «Дынама».

Дарэчы, усе лiцэнзii на АГ фармальна неiменныя – гэта значыць у звычайных абставiнах НАК можа замяняць таго, хто ўзяў пуцёўку, на iншага атлета. Але цi працуе гэта ў сучасных беларускiх умовах – вялiкае пытанне, на якое МАК адказу не даваў.

***

Пераходзiм да цяжкаатлетаў, якiя адбiралiся на АГ больш складана. У iх быў рэйтынг, якi складаўся па адным найлепшым вынiку кожнага спартсмена ў сваёй катэгорыi з адборачных турнiраў. Пры гэтым цяжкаатлеты павiнны былi выступiць мiнiмум на пяцi з такiх турнiраў, з якiх некалькi абавязковых прапускаць было нельга. На шчасце беларускiх спартсменаў, iх дапусцiлi на мiжнародную арэну, калi наперадзе заставалася акурат пяць турнiраў з патрэбнай колькасцю абавязковых. Апошнi з iх пачаўся у канцы сакавiка – этап Кубка свету ў Тайландзе.

Сюзана Валадзько

Усе значныя поспехі 23-гадовай спартсменкі, якая выступае ў катэгорыi да 71 кг, прыпалі на апошнi год. У чэрвенi 2023-га на этапе Кубку свету ў Гаване яна ўзяла срэбра ў дваябор’i з вынiкам 242 кг. У лютым 2024-га заваявала срэбра ЧЕ, набраўшы суму 235 кг. А па вынiках Тайланда засталася на 9-м радку ў рэйтынгу сваёй катэгорыі – дзякуючы паказчыку з Кубы. На АГ праходзяць топ-10 – таму Валадзько ўзяла пуцёўку ў Парыж. З «сiлавiкамi» па дакументах спартсменка не звязаная.

Яўген Ціханцоў

25-гадовы цяжкаатлет мае золата і бронзу на чэмпіянатах свету ў 2019-м і 2023-м гадах, два чэмпіёнства Еўропы ў 2019-м і 2024-м. Апошняе з вынiкам 398 кг дазволiла ўпэўнена адчуваць сябе ў алiмпiйскiм рэйтынгу катэгорыi да 102 кг. Але ў Тайландзе Цiханцоў увогуле набраў суму ў 400 кг. Гэта дало толькi бронзу этапу КС, але толькi замацавала ў рэйтынгу – i спартсмен з запасам узяў лiцэнзiю ў Парыж

На АГ у Токіа Ціханцоў быў адзіным прадстаўніком Беларусі ад мужчын, але не змог выканаць ніводнай паспяховай спробы ў штуршку і завяршыў спаборніцтвы без вынiку. Да «сiлавiкоў» Лукашэнкi спартсмен дэ-юрэ не адносiцца.

***

Таксама пуцёўку на Гульнi 11 красавiка павiнен узяць Эдуард Зязюлiн – бронзавы прызёр ЧЕ-2024, якi ў «спiсачным складзе» на гэты год быў выведзены з членаў «Дынама». У рэйтынгу катэгорыi 102+ кг спартсмен на 7-м месцы з адрывам – каб ён страцiў лiцэнзiю, адразу некалькiм канкурэнтам трэба прыгнуць вышэй за галаву ў Тайландзе. Зрэшты, падобнае ўдалося супернiку яшчэ аднаго беларускага цяжкаатлета Пятра Асаёнка, якi на АГ не паедзе (але ж у рэйтынгу ён быў на памежным месцы).

Але ў цяжкай атлетыцы, акрамя AINERP, колькасць лiцэнзiй для беларускiх спартсменаў можа скарацiць мiжнародная федэрацыя – за допiнг-скандалы, якiя не сканчаюцца ў вiдзе ў Беларусi (тры дысквалiфiкацыi за бягучы алiмпiйскi цыкл).

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты