Усе навіны

Украінскі экс-тэнісіст Даўгаполаў: «Таварыш Пуцін і расіяне зрабілі ўсё, каб у 90-95% насельніцтва Украіны была агіда ад усяго рускага на дзесяцігоддзі»

13 студзеня 2023, 14:13

Былы ўкраінскі тэнісіст Аляксандр Даўгаполаў у інтэрв'ю расійскаму выданню «Медуза» падзяліўся думкамі пра вайну Расіі ва Украіне, якая працягваецца з 24 лютага з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

«Цяпер ідзе паўнавартасная вайна. Для тых, хто да гэтага часу думае не ўсё так адназначна, я не расказваў бы нейкія канкрэтныя гісторыі, а адпраўляў пралячыць галаву. Калі яна здаровая, усім ужо даўно зразумела.

Людзі ведаюць, што большасць нашых і заходніх СМІ асвятляюць усё так, як ёсць. Бываюць, вядома, фэйкі, але іх у дзясяткі разоў менш, чым у расійскіх СМІ, дзе 95% інфармацыі прама з паралельнай рэальнасці.

Часам мы бачым навіны пра здраднікаў, але мы з такімі асобнікамі не перасякаліся. Украіна адзіная зараз як ніколі. Усе выдатна ведаюць, дзе б мы ні былі, што вораг у нас адзін – гэта Расія і іх акупацыйныя злачынныя войскі.

Таварыш Пуцін і расіяне зрабілі ўсё, каб у пераважнага (90-95%) насельніцтва Украіны была агіда ад усяго расійскага на дзесяцігоддзе, а можа, і на стагоддзе наперад.

У 2023 годзе я хачу бачыць нашу перамогу, межы 1991 года і заканчэнне вайны. Мяркую, гэта магчыма. А для Расіі вайна нічым добрым не скончыцца.

Будучыня гэтай краіны знішчана Пуціным і злосным народам, які звар'яцеў ад прапаганды, які дазволіў сябе і краіну загнаць у такое становішча. Асабіста мне зусім абыякава, што далей адбудзецца з Расіяй, яны гэта ўсё заслужылі.

Для Украіны, я думаю, вайна скончыцца перамогай, вяртаннем сваіх тэрыторый і працягам развіцця ў складзе ЕС – і, хутчэй за ўсё, у складзе НАТА.

Цяпер толькі ад Захаду залежыць, калі вайна скончыцца. На мой погляд, у іх ёсць усе рэсурсы, каб скончыць гэта на працягу некалькіх месяцаў – нашай упэўненай перамогай», – сказаў Даўгаполаў.

Нагадаем, што Даўгаполаў служыць у шэрагах ВСУ.