Усе навіны

Азаранка перад матчам з Рыбакінай: «Лена – малайчына, і ўся тая клаўнада на «Уімблдоне» не павінна прымяншаць яе заслуг»

24 студзеня 2023, 17:05

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка падзялілася думкай пра «Уімблдон», які выйграла Алена Рыбакіна з Казахстана.

Азаранка згуляе з ёй у паўфінале Australian Open. Сустрэча пройдзе 26 студзеня.

«Я не глядзела «Уімблдон», але ўсё роўна лічу, што Лена - малайчына, і ўся тая клаўнада, якая была зроблена, не павінна прымяншаць яе заслуг.

Яна рабіла сваю працу, гуляла выдатна, выйграла і заслужыла той тытул», - сказала Азаранка.

У мінулым сезоне тэнісістаў з Беларусі і Расіі не дапусцілі да турніраў у Брытаніі. Па гэтай прычыне ATP і WTA пазбавілі «Уімблдон» магчымасці разыгрываць рэйтынгавыя ачкі, а пазней аштрафавалі тэнісную асацыяцыю Вялікабрытаніі.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.