Усе навіны

Рутэнка пра нейтральны статус на АО: «Нашы дзяўчаты ўсё роўна ўслаўляюць нашу краіну. Увесь свет ведае, што Сабаленка і Азаранка – беларускі»

30 студзеня 2023, 10:15
1

Старшыня Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Рутэнка пракаментаваў перамогу Арыны Сабаленка на Australian Open, а таксама падзяліўся меркаваннем пра нейтральны статус беларускіх тэнісістаў на міжнародных турнірах.

Нагадаем, што беларускія тэнісісты выступаюць у нейтральным статусе ў адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

Супрацоўніца ДзяржТБ: Як вам жывецца пасля перамогі Арыны Сабаленкі?

Сяргей Рутэнка: Вельмі прыемна атрымаць такую колькасць званкоў. Я ўчора нават жартаваў, што апошні раз мне столькі тэлефанавалі, калі я [гандбольную] Лігу чэмпіёнаў выйграваў. Уся краіна балела за Арыну. Таму ад гэтага больш прыемна. І, вядома, больш прыемна, што яна зрабіла такую перамогу гістарычную і важную для краіны і для тэніса.

Супрацоўніца ДзяржТБ: Вы ўсё ж такі выцерлі нос тым, хто прымусіў нас часова быць пад нейтральным сцягам.

Сяргей Рутэнка: Вельмі шмат меркаванняў на гэтую тэму. Нехта кажа, што не варта ўвогуле выступаць. Нехта кажа, што ўсё ж такі мы павінны. Я прыхільнік другога варыянту. Увесь свет ведае, што Сабаленка і Азаранка – беларускі. Калі яны былі ў паўфінале, увесь свет гаварыў аб тым, што дзве прадстаўніцы Беларусі ў паўфінале.

Супрацоўніца ДзяржТБ: Так хацелі беларускага фіналу!

Сяргей Рутэнка: Шмат на гэтую тэму жартавалі, казалі, што будзе адкрыты чэмпіянат Беларусі ў Аўстраліі.

Супрацоўніца ДзяржТБ: Было б вельмі крута.

Сяргей Рутэнка: Фантастыка была б, канешне. У нас і так упершыню ў гісторыі турніру Вялікага шлема дзве прадстаўніцы былі ў паўфінале. Таму гэта вялікае дасягненне. Я лічу, што нашы дзяўчаты ўсё роўна паказваюць усяму свету, услаўляюць нашу краіну. Канешне, дрэнна, што няма сцяга, але ўвесь свет усё роўна ведае, хто такія Сабаленка і Азаранка. А мы са свайго боку, як мы ўжо ня раз казалі, працуем над тым, каб гэта вярнуць і аднавіць нас у правах.

Супрацоўніца ДзяржТБ: Як вы думаеце, гэтая сітуацыя паўплывае нейкім чынам на тых, хто пакуль яшчэ зачыняе перад намі дзверы?

Сяргей Рутэнка: Я думаю, што наўрадці. У нас шмат спартоўцаў лепшых у свеце. Або як мінімум у топе сусветным. Я маю на ўвазе ў сваіх відах спорту, але, як мы бачым, гэта нам не дапамагае.

Супрацоўніца ДзяржТБ: Але тут усё ж такі крыху іншае. Я чамусьці веру.

Сяргей Рутэнка: Я далучуся і таксама буду верыць. І будзем спадзявацца, што гэтак і атрымаецца.