Усе навіны

Расійская футбалістка Карпава аб адмове Азаранкі казаць пра прарасійскую акцыю на AO: «Хамскі адказ на руку пуцінскай прапагандзе»

8 лютага 2023, 17:36

Расійская футбалістка Надзея Карпава расказала пра сваё стаўленне да адхілення беларускіх і расійскіх спартсменаў ад міжнародных спаборніцтваў.

– МАК прапанаваў дапусціць расіян да ўдзелу ў парыжскай Алімпіядзе пад нейтральным сцягам. Украіна катэгарычна супраць і нават пагражае байкатаваць гульні. На чыім вы баку?

– Я згодна з тым, што цяпер, напэўна, не той момант, калі ўсе павінны ладзіць свята спорту і ездзіць на спаборніцтвы, таму што гэтыя перамогі будуць няправільна інтэрпрэтавацца ў самой Расіі. Усё будзе працаваць на тое, каб умацаваць рэжым, і людзі, якія прымаюць гэтыя рашэньні, павінны гэта разумець. Ні для каго не сакрэт, што, як і для любога дыктатара, спорт для Пуціна – гэта моцны інструмент для абалваньвання людзей. Таму я хутчэй салідарная з украінскімі палітыкамі: ніхто [з расійскіх спартоўцаў] ехаць на Алімпіяду не павінен.

Дапусцім, спартсменаў з Расіі ці з Беларусі, якая таксама ўдзельнічае ў гэтым канфлікце, папросяць выказацца аб падзеях ва Украіне. Я нядаўна натыкнулася на такое інтэрв'ю: у беларускай тэнісісткі Азаранкі спыталі на Australian Open, што яна думае пра тое, што адбываецца (Вікторыю Азаранку спыталі, як яна ставіцца да таго, што заўзятары пранеслі на трыбуны Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі расейскі сцяг і Z-сімволіку – Tribuna.com), пачала адказваць прыкладна так: «Вы палітык? Вось і я не палітык!» – у абсалютна такой хамскай форме.

І яна не кажа: «Я не буду абмяркоўваць гэтыя тэмы» ці «Я баюся за сваё жыццё, не правакуйце мяне». Яна адказвае так, што адразу ўключаецца іншы кантэкст. У чалавека, які глядзіць яе ў Аўстраліі, ствараецца ўражанне, што гэта проста «складаная палітычная сітуацыя» і можна ўстаць на бок Расіі, а можна – на бок Украіны. І яе дзіўны адказ супер на руку гэтай пуцінскай прапагандзе. Гэта іх галоўная прылада – стала падмяняць паняцці. І ў іх ёсць вялізная задача на Захадзе: падсяліць усім у галовы думку, што гэта не жахлівая захопніцкая вайна для таго, каб дыктатар мог заставацца ва ўладзе. Не-не-не! Яны хочуць, каб усе думалі, што гэта «проста палітыка». І калі Пуцін пачынае падлашчвацца да спартсменаў, накшталт Авечкіна, ён і яго паліттэхнолагі выдатна разумеюць, што яны купляюць сабе лаяльнасць мільёнаў людзей, якія зʼяўляюцца фанатамі гэтых спартсменаў, і як-ніяк гэта ўсё роўна працуе на прапаганду.

Я часта заўважаю, што людзі з іншых краінаў таксама пачынаюць перажываць момант «не ўсё так адназначна». І мне здаецца, гэта трэба спыняць. Трэба паказваць, што гэтая вайна – абсалютна жахлівая, а Пуцін – агрэсар, фашыст, стары дыктатар. Людзі павінны гэта вельмі добра разумець. Таму я абсалютна салідарная з украінскім урадам, які кажа: «На такіх умовах мы ўдзельнічаць у Алімпіядзе не павінны», – сказала Карпава.