Усе навіны

Украінскі тэнісіст Стахоўскі: «Заклікаю зрабіць усё магчымае, каб адхіліць расійскіх і беларускіх спартсменаў ад усіх міжнародных спаборніцтваў і Алімпіяды»

27 сакавіка 2023, 12:25

Былы ўкраінскі тэнісіст Сяргей Стахоўскі заклікаў адхіліць расійскіх і беларускіх спартсменаў ад усіх спаборніцтваў.

«Год таму Расія развязала поўнамаштабную вайну ва Украіне.

Як і для сотняў украінскіх спартсменаў, для мяне выбар быў відавочны. Гэта барацьба за перамогу роднай краіны на перадавой. Замест тэніснага корта – траншэі. Замест ракеткі – зброя. Замест Уімблдона – непераадольны Бахмут.

Расійскія і беларускія спартсмены падтрымліваюць агрэсію Расіі супраць Украіны. Яны маўчаць і працягваюць спаборнічаць у нейтральным статуце. Такую магчымасць падаюць ATP і WTA. Гэтае ганебнае рашэнне.

Акрамя таго, МАК разглядае магчымасць дапусціць гэтых спартсменаў да Алімпіяды пад нейтральным сцягам. Але ўсе мы ведаем, што ён заліты ўкраінскай крывёй.

Заклікаю падтрымаць Украіну на спартыўным фронце. І зрабіць усё магчымае, каб адхіліць расійскіх і беларускіх спартсменаў ад усіх спаборніцтваў і Алімпіяды. Тэрарыстам не месца ў спорце. Цішыня забівае», – сказаў Стахоўскі.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.