Усе навіны

Іга Швёнтак: «У цэнтры ўвагі павінна быць дапамога ўкраінскім гульцам, а не тое, што адбываецца з расейцамі і беларусамі»

29 красавіка, 14:51

Першая ракетка свету Іга Швентэк падзялілася думкамі пра допуск расіян і беларусаў да «Уімблдона».

«У пачатку вайны, магчыма, трэба было прымаць рашэнні, якія б дапамаглі спыніць уварванне Расіі. Мы спартсмены, мы не маем прамога ўплыву на тое, што адбываецца ва Украіне, але ў той жа час мы публічныя людзі і павінны падаваць прыклад.

Я лічу, што ўсе павінны сказаць, што мы супраць вайны. Вось што сапраўды важна. Тое, што адбываецца ва Украіне — няправільна.

У прыняцці сумесных рашэнняў шмат хаосу, таму што прыцягнуты многія арганізацыі — ATP, WTA, ITF і Grand Slam, якія прымаюць свае ўласныя рашэнні, што робіць усё больш заблытаным. Зразумела, што мэта розных федэрацый – стварыць добрую атмасферу ў распранальні.

У цэнтры ўвагі павінна быць дапамога ўкраінскім гульцам, а не тое, што адбываецца з расіянамі і беларусамі», – сказала Швэнтэк.

«Уімблдон» пройдзе з 3 па 16 ліпеня.

Нагадаем, з 24 лютага 2022 году Расія працягвае вайну ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.