Усе навіны

Навоша пра Сабаленку: «Людзі застаюцца закладнікамі лукашызму, нават у фізічнай недасяжнасці»

24 траўня, 14:52

Заснавальнік Tribuna.com Дзмітрый Навоша выказаў меркаванне, як беларускія спартсмены вернуцца на міжнародную арэну і выказаўся пра тэнісістку Арыну Сабаленку.

– Будзе частковае вяртанне без сцягоў, без гімнаў. І ўсё роўна спартсменам працягнуць задаваць пытанні аб тым, як яны ацэньваюць тое, што адбываецца ў Беларусі, ва Украіне.

Вось глядзіце, як Арына Сабаленка, у яе ўжо вока трасецца, калі яна бачыць журналістаў, бо ведае, што кожнае другое пытанне будзе так ці інакш адрасаванае па гэтай сітуацыі. А яна так за паўтара года і не змагла сказаць вельмі простыя словы, што агрэсія Расіі супраць Украіны гэта дрэнна, што Лукашэнка здзяйсняе злачынства, падтрымліваючы гэтую агрэсію, што беларусам нікому ні ў якім разе не варта ў гэтым удзельнічаць. Гэта не наша вайна, прынамсі, агрэсія на баку Расіі.

Арына працягвае выступаць, але ўвесь час чуе гэтыя пытанні і відаць, як яны яе турбуюць.

– Чалавек мільянер, жыве ў ЗША, што яе стрымлівае?

– Гэта феномен нейкі, гэта нейкі наш беларускі феномен. Людзі застаюцца закладнікамі лукашызму, нават перастаўшы знаходзіцца ў фізічнай дасяжнасці.

Здаецца, што ёй нічога не пагражае, аднак дзіўна, – сказаў Навоша.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.