Усе навіны

Эр-Рыяд будзе прымаць Выніковы турнір WTA у 2024-2026 гадах

4 красавіка, 17:10

Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) абвясціла пра пагадненне паміж WTA і Федэрацыяй тэніса Саудаўскай Аравіі.

«Эр-Рыяд, Саудаўская Аравія, будзе прымаць наступныя тры выніковыя турніры WTA у 2024-2026 гадах.

Фінал сезона 2024 года пройдзе з 2 па 9 лістапада. У ім прымуць удзел 8 найлепшых гульцоў адзіночнага разраду і парныя каманды.

WTA выбрала Эр-Рыяд пасля ўсебаковага працэсу ацэньвання, які доўжыўся некалькі месяцаў і ўключаў ацэнку шматлікіх заявак з розных рэгіёнаў і ўзаемадзеянне з гульцамі. Усе патэнцыйныя гаспадары разглядаліся па выразным наборы крытэрыяў:

– здольнасць правесці і прафінансаваць мерапрыемства сусветнага ўзроўню для гульцоў і заўзятараў;

– падтрымка амбіцый WTA па значным росце прызавых;

– сіла іх абавязацельстваў па развіццю фіналаў WTA і спорту ў цэлым.

Пагадненне з Федэрацыяй тэніса Саудаўскай Аравіі прадугледжвае рэкордныя прызавыя ў памеры $15,25 млн на Выніковым турніры WTA у 2024 годзе з наступным павелічэннем у 2025 і 2026 гадах.

Партнёрства таксама будзе садзейнічаць павелічэнню інвестыцый у будучае развіццё і рост жаночага тэніса, у прыватнасці, планам WTA па пашырэнні глабальнай фан-базы жаночага тэніса шляхам павелічэння інвестыцый у маркетынг, дыджытал і прыцягненне заўзятараў», – паведаміла арганізацыя.