Tribuna/Тэніс/Блогі/Сабаленка хоча зарабляць, як мужчына. Вось наколькі больш яна атрымала б у сезоне, калі б жаданне споўнілася

Сабаленка хоча зарабляць, як мужчына. Вось наколькі больш яна атрымала б у сезоне, калі б жаданне споўнілася

Лічым.

Аўтар — bytribuna com
2 лістапада, 15:30
Сабаленка хоча зарабляць, як мужчына. Вось наколькі больш яна атрымала б у сезоне, калі б жаданне споўнілася

Ёсць меркаванне, што Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) перажывае цяжкі час. У канцы кастрычніка пра гэта наўпрост заявіў віцэ-прэзідэнт федэрацыі тэніса Казахстану Юры Польскі. Ён, патлумачыўшы сваю інфармаванасць прысутнасцю на міжнародных нарадах, сказаў, што WTA пагражае банкруцтва праз некалькі гадоў, таму там намагаюцца, «каб топ-гульцы гулялі топавыя турніры – вельмі складана прадаць квіткі, калі не прыязджаюць топы, на мужчынскі тэніс людзі ходзяць з большай ахвотай, WTA не генеруе такіх жа даходаў». Кіраўнік WTA Стыў Сайман паспяшаўся зняпраўдзіць такія заявы – але чутак гэта не спыніла.

Тым часам гульцы асацыяцыі, як аказалася, таксама заклапаціліся фінансавым пытаннем: каля 20 вядучых тэнісістак свету на чале з першай ракеткай, беларускай прарэжымніцай Арынай Сабаленка, сфармулявалі новыя грашовыя патрабаванні да WTA. У прыватнасці, патрабуюць узяць прыклад з ATP – мужчынская асацыяцыя гарантавала тэнісістам топ-250 пэўныя сумы ў выпадку, калі іх не набіраюць прызавымі, і жанчыны хочуць таго ж, ды яшчэ з больш высокім мінімумам. Таксама ў спісе запытаў – кампенсацыі за траўмы, праграма дэкрэтнай дапамогі, расклад турніраў, які будзе ўлічваць неабходнасць аднаўлення.

Але галоўнае – жанчыны хочуць прызавых такіх жа, як у мужчын. Цяпер яны часта менш, WTA абяцала ўсеагульную роўнасць да 2033-га – а тэнісісткі хочуць цяпер. Па паведамленнях інсайдэраў, аўтарам ліста вусна растлумачылі, што спачатку павінны запрацаваць нейкія бізнес-ініцыятывы WTA – то бок цяпер проста няма грошай, што толькі ўмацоўвае размовы пра фінансавую нестабільнасць асацыяцыі.

Цікава, што скардзяцца на сваё фінансавае становішча і так далёка не самыя бедныя спартоўкі. У прыватнасці, Сабаленка на сёлетнім Выніковым турніры WTA ужо дасягнула адзнакі ў варʼяцкія па мерках простых беларусаў 20 мільёнаў прызавых за карʼеру, з якіх толькі ў 2023-м – без малога 8 мільёнаў.

Мы ж палічым, колькі б Сабаленка зарабіла за аналагічныя вынікі сёлета, калі б была мужчынам, як хацела б у тэнісным сэнсе.

Пара абзацаў экскурсу ў гісторыю. Прызавыя ў тэнісе пачалі плаціць з надыходам Адкрытай эры ў 1968-м – да гэтага ўсе найлепшыя сусветныя турніры ладзіліся фармальна для аматараў, якім узнагароды не належала. Але жанчынам адразу сталі выдаваць значна менш, чым мужчынам, матывуючы гэта непараўнальнай цікавасцю публікі. Тады ў 1970-м дзевяць тэнісістак на чале з Білі Джын Кінг вырашылі згуляць першы ў гісторыі чыста жаночы турнір у амерыканскім Хʼюстане. Гэта была стаўка ва-банк – міжнародная федэрацыя пагражала банам за несанкцыянаванае мерапрыемства, і калі б публіка не пайшла на жаночы тэніс, то дзяўчаты проста засталіся б са зламанымі карʼерамі і без грошай. Але ў выніку ўсе квіткі былі прададзеныя, «міжнароднікі» не наважыліся на строгія санкцыі, зʼявіліся іншыя жаночыя турніры, а ў 1973-м Кінг стварыла WTA і здолела дамовіцца пра роўныя прызавыя для мужчын і жанчын на US Open, якія застаюцца такімі дагэтуль.

Цяпер аднолькавыя сумы незалежна ад полу тэнісістам за дасягненні плацяць на ўсіх чатырох турнірах «Вялікага шлема»: на Australian Open так з 2001-га, а на «Ралан Гарос» і «Уімблдоне» – з 2007-га. Такая ж сістэма яшчэ на некалькіх буйных турнірах – напрыклад, на «тысячніку» у Маямі, які Сабаленка называе сваім домам, прызавыя роўныя з 2006 года, а ў некалькіх розыгрышах нават адрозніваліся на карысць жанчын. Аднак на большасці турніраў усё яшчэ захоўваюцца больш высокія прызавыя для мужчын – аргументацыя застаецца той жа, што і 50 гадоў таму: маўляў, жаночыя матчы прыцягваюць менш гледачоў. Ёсць яшчэ заявы, што мужчыны на буйных турнірах гуляюць да трох пераможных сэтаў, а жанчыны да двух – але разбежка як раз назіраецца на тых спаборніцтвах, дзе двух сэтаў для перамогі дастаткова любому полу.

Такім чынам, да прызавых Сабаленка. Пачала 2023-і яна з перамогі на турніры ў Адэлаідзе – а яшчэ гэта быў адзіны раз за год, калі тэнісістка згуляла ў парным разрадзе, з суайчынніцай Лідзіяй Марозавай дайшоўшы да паўфіналу. Сумарна Сабаленка зарабіла 127 тысяч долараў – і гэта больш, чым было б у мужчынскай частцы турніру, якая лічыцца ніжэй узроўнем (ATP 250, а не 500) і прынесла б менш за 100 тысяч. Таксама крыху атрымалася выйграць у Кітаі ў кастрычніку – Сабаленка за вылет у чвэрцьфінале атрымала 185 тысяч, а мужчыны на аналагічным турніры на пару сотняў менш.

У астатнім усё было не так прыемна – альбо турніры з роўнымі прызавымі, альбо з перакосам не ў жаночы бок. Пералічым толькі тыя, дзе Сабаленка «недаатрымала» у параўнанні з мужчынамі:

• Катар: за вылет у чвэрцьфінале беларусцы належала 63 тысячы долараў, мужчынам – 78 тысяч;

• Штутгарт: за пройгрыш у фінале Сабаленка ўзяла 74 тысячы, у мужчын тады праходзіў аналагічны турнір у Барселоне, дзе фіналіст забраў 280 тысяч;

• Рым: за вылет у 1/32 прарэжымніцы далі менш за 15 тысяч, мужчынам – амаль 30 тысяч;

• Берлін: за вылет у 1/8 спартоўка атрымала 11 тысяч, на аналагічным мужчынскім турніры ў Гале такі вынік ацэньвалі ў амаль 35 тысяч;

• Манрэаль: вылет у 1/8 прынёс Сабаленцы 31 тысячу, мужчынам за такое на тым жа турніры – пад 90 тысяч;

• Цынцынаці: прайграны паўфінал дадаў прарэжымніцы 138 тысяч, мужчынам – больш за 300 тысяч;

• нарэшце, выніковы турнір: у WTA Сабаленцы гарантавана 198 тысяч за сам удзел, столькі ж дадалося за перамогу ў матчы групавога этапу, у ATP ж плата складае 325,5 тысячы за ўдзел і 390 тысяч за кожны выйгрыш у групе.

Такім чынам, за 2023-і на сёння прарэжымніца атрымала менш, чым такі ж мужчына-тэнісіст, на 774446 долараў. Розніца рэзка вырасце, калі ў яе атрымаецца выйграць выніковы турнір – за перамогі ў паўфінале і фінале ў ATP плацяць сумарна на мільён з лішнім больш, чым у WTA. Пакуль жа Сабаленка фактычна змагаецца за павелічэнне свайго ганарару на крыху менш як 10%.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты