Tribuna/Трыятлон/Блогі/Трыятланістцы далі 2 гады «хіміі» за палітыку: жыла ў Маскве, у Беларусь вярталася не раз, але раней яе не чапалі

Трыятланістцы далі 2 гады «хіміі» за палітыку: жыла ў Маскве, у Беларусь вярталася не раз, але раней яе не чапалі

Валянціна Зелянкевіч ужо трапляла пад рэпрэсіі.

Аўтар — Pam-pam
10 сакавіка, 17:44
Трыятланістцы далі 2 гады «хіміі» за палітыку: жыла ў Маскве, у Беларусь вярталася не раз, але раней яе не чапалі

«Трыбуне» стала вядома, што адзін з «судоў» рэжыму Лукашэнкі даў беларускай трыятланістцы Валянціне Зелянкевіч 2 гады так званай «хатняй хіміі» (абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову). Такі «прысуд», верагодна, звязаны з удзелам спартсменкі ў мірных пратэстах-2020, якія сталі рэакцыяй грамадства на масавыя фальсіфікацыі на прэзідэнскіх выбарах.

У жніўні 2020-га Зелянкевіч, на той момант перспектыўная спартсменка, пазбавілася працы ў клубе «Трыстайл» пасля публікацыі ў сацсетках фота з аднаго з пратэсных маршаў. І хоць заснавальнік клуба Дзмітрый Талкачоў адмаўляў, што прычыны звальнення былі палітычнымі, дзяўчына была ўпэўненая ў адваротным.

Пасля сыходу з клуба чэмпіёнка Беларусі на нейкі час апынулася па-за прафесійным спортам, але ў сярэдзіне кастрычніка 2020-га пераехала ў Маскву і пачала новае жыццё. Хаця і там дзяўчына сутыкалася са складанасцямі, але здолела-такі знайсці стабільную і добра аплочваную працу трэнерам па плаванні ў адным з расійскіх трыятлонных клубаў. Да таго ж сама зноў пачала ўдзельнічаць у спаборніцтвах.

Паралельна дзяўчына развівала свае сацсеткі, дзе шмат расказвала пра плаванне. Здавалася, усё ідзе добра, але ў чэрвені 2021-га Зелянкевіч атрымала чарговы ўдар – яна, едучы но ровары, трапіла ў ДТЗ і зламала сківіцу.

«Я патрапіла ў аварыю. Мяне на ровары збіла машына. Удар прыйшоўся ў падбародак, я зламала сківіцу, выбіла і раздрабніла зубы.

Пералом сківіцы ў трох месцах. Зашылі падбародак, патрэбная аперацыя, але да панядзелка мяне не прааперуюць. Госпіталі ў Расіі – гэта ##### (жах – Tribuna.com)», – пісала тады Зелянкевіч у сацсетках.

Як у далейшым расказвала спартсменка, ёй у выніку паставілі тытанавыя пласціны, што стала падставай для жартаў пра «жалезную лэдзі». З добрага – дзяўчына, якой ізноў прыйшлося прыпыніць заняткі спортам, даволі хутка аднаўлялася. Напрыклад, вось як яна выглядала ўжо праз некалькі тыдняў пасля інцыдэнту.

Увосень 2021-га Зелянкевіч вярнулася да стартаў і нават стала першай у сваёй узроставай катэгорыі і 4-й у абсалюце сярод жанчын на Ironstar 113 Triathlon Samara 2021.

І да міжнародных спартыўных санкцый, якія былі ўведзеныя супраць Расіі ў адказ на ўварванне ва Украіну, і пасля беларуска спаборнічала амаль заўсёды на тэрыторыі Расіі. Выключэннем стаў фінальны чэмпіянат свету Half OCEANMAN 2023, які праходзіў у тайландскім Пхукеце, дзе спартсменка стала 8-й у абсалюце і 3-й сярод жанчын.

На пачатку мінулага году Зелянкевіч прадставіла сябе ў новым вобразе – паспрабавала свае сілы ў конкурсе фітнес-бікіні. У красавіку-2023 яна прыязджала ў Мінск, каб узяць удзел у чэмпіянаце Беларусі па бодзібілдынгу і фітнесу. Заняла там 4-е месца і была радая свайму «драўлянаму» медалю.

Тады пытанняў з боку «сілавікоў»-лукашыстаў да спартсменкі не ўзнікла, так што праз месяц яна зноў адзначылася ў беларускай сталіцы.

У ліпені 2023-га Зелянкевіч пачала паведамляць у сацсетках пра дэталі прыватнага жыцця – скокнула з парашутам разам са сваім маладым чалавекам і выклала фота ў інстаграм

«Я навучылася лётаць. Дзякуй, што падарыў мне крылы!» – падпісала яна фота.

Бойфрэндам аказаўся Аляксандр Барвінскі - спартсмен-трыятланіст і галоўны лекар аднаго з расійскіх санаторыяў, які спецыялізуецца на лячэбным галаданні. Пара разам шмат удзельнічала ў спаборніцтвах, падарожнічала па Расіі і часам здымала вясёлыя відэа.

Спартсменка працягвала трэнерскую працу. У адным з апошніх пастоў у сваім тэлеграмам-канале дзяўчына прапанавала групавы занятак па цане 2500 расійскіх рублёў (прыкладна 25 еўра з чалавека).

Апошнія абнаўленні ў сацсетках дзяўчыны мелі месца ў пачатку лютага.

А 10 сакавіка яе малады чалавек апублікаваў у сябе ў сторыс відэа з Зелянкевіч.

Здаецца важным адзначыць, што Зелянкевіч хоць і дыстанцыявалася ад падзей у Беларусі, не пачысціла свае сацыяльныя сеткі, чым магла аблегчыць працу лукашыстам.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты