Tribuna/Валейбол/Блогі/У Расіі валейбольны клуб з беларускай звінавацілі ў прапагандзе ЛГБТ і сатанізме. Усё праз перамогу ў паўфінале

У Расіі валейбольны клуб з беларускай звінавацілі ў прапагандзе ЛГБТ і сатанізме. Усё праз перамогу ў паўфінале

Нашы вясёлыя суседзі.

Аўтар — Pam-pam
17 красавіка, 06:05
У Расіі валейбольны клуб з беларускай звінавацілі ў прапагандзе ЛГБТ і сатанізме. Усё праз перамогу ў паўфінале

14 красавіка ў пятым матчы паўфінальнай серыі чэмпіянату Расіі па валейболе калінінградскі «Лакаматыў», за які выступае беларуска Вера Касцючак, перайграў маскоўскае «Дынама» з лікам 3:1 (19:25, 25:27, 26:24,28).

Кіраўніцтва «Дынама» такі вынік не спадабаўся, але замест працы над сабой там вырашылі прыгледзецца да суперніц – і адшукалі шмат нагод для прэтэнзій, прычым зусім не спартыўных.

На афіцыйным сайце «Дынама» з'явілася нататка з загалоўкам «Хопіць гэта цярпець!», у якой экс-валейбалістка, а сёння дарадца генеральнага дырэктара клуба Алена Годзіна закранула «відавочную ўсім тэму, пра якую, нажаль, усе абіраюць маўчаць».

Экс-спартсменка нагадала, ЛГБТ-супольнасць ў Расіі прызнаная экстрэмісцкай арганізацыяй, і што прапаганда гэтага «адхілення ад традыцыйных каштоўнасцяў сярод моладзі» ў краіне забароненая.

«Аднак, на наш сорам, у трансляцыях валейбольных матчаў буйным планам дэманструюцца жахлівыя жэсты, якія імітуюць палавы акт у выкананні гульцоў «Лакаматыва», накіраваныя ў бок каманд супернікаў, аднаполыя пацалункі ў вусны і іншае мярзоцце».

Годзіну абурае, што за сезон арбітры не зрабілі ніводнай заўвагі за паводзіны, якія, паводле яе версіі, «адназначна кваліфікуюцца як беспакаранасць і ўсёдазволенасць у дэманстрацыі поўнага грэбавання культурай і маральнымі каштоўнасцямі нашай краіны».

На гэтым былая спартсменка не спынілася і раскрытыкавала касцюмы «Лакаматыва» з вечарынкі на тэму Хэлоўіна: «Яшчэ горш, што усё гэта сустракае ўхвалу з боку партнёрак па камандзе, якія прыбіраюцца ў сатанінскія вобразы, пры гэтым трое з гульцоў «Лакаматыва» выхоўваюць уласных дзяцей!»

Напрыканы Годзіна заявіла, што «катэгарычна супраць таго, каб усе апісаныя падзеі і факты адбываліся ў маёй краіне, у межах маёй Радзімы, абражалі нашу шматнацыянальную культуру і гісторыю, ды яшчэ падчас спартыўных спаборніцтваў!» Асабліва ў той момант, калі расійскія землі падвяргаюцца «варожым бамбардаванням, а найлепшыя прадстаўнікі краіны абараняюць нас са зброяй у руках».

Мяркуючы па скрыншотах, далучаных да тэксту, асноўныя прэтэнзіі ў Годзінай – да турэцкай зоркі «Лакаматыва» Эбрар Каракурт і расіянкі Юліі Броўкінай. На здымках дзяўчаты святкуюць выхад у фінал пацалункам.

Пост Годзінай прадказальна выклікаў хвалю абмеркаванняў не толькі ў сацсетках, але і за іх межамі. Генеральны дырэктар «Дынама» Уладзімір Зінічаў падтрымаў сваю супрацоўніцу, заявіўшы, што проста нікому не падабаецца «праўдзівая і адкрытая думка Алены». А вось свайму візаві з «Лока» ён адказаў, што клуб не маляваў фатаграфіі для артыкула. «А што да высноваў, то гэта пазіцыя Алены Гадзінай. Яна мае на яе поўнае права, яна аўтарытэтны чалавек у спорце».

А вось заўзятарам нататка Годзінай не спадабалася. Яны адзначалі, што любое святкаванне можна прыцягнуць да ЛГБТ.

Былі прапановы звяртацца не ў медыя, а ў следчы камітэт/

Хтосьці з карыстальнікаў нагадваў, як святкавалі перамогі расійскія мужчыны і прыкладваў фота.

У аднаго з карыстальнікаў знайшлося фота з пацалункам у вусны кагосьці з прадстаўніц маскоўскай каманды.

Пры гэтым Годзіна, якая раскрытыкавала суперніц, не стала каментаваць паводзіны гульцоў «Дынама». Пасля фінальнага свістка экс-украінка Наталля Ганчарова, якая ў 2010-м годзе змяніла грамадзянства, не стрымалася і двойчы паказала непрыстойны жэст на адрас калінінградак.

Пазней «Дынама» папрасіла прабачэння за паводзіны свайго капітана, але атрымалася неяк не вельмі. Клуб заявіў, што шкадуе аб нястрыманасці ў адказ на «бесперапынныя правакацыі з боку гульцоў каманды суперніка на працягу ўсёй серыі матчаў».

На бок партнёркі ўстала і алімпійская чэмпіёнка Наталля Перэйра, якая назвала паводзіны Ганчаровай «зваротнай эмацыйнай рэакцыяй на жэсты і дзеянні Каракурт».

Клуб таксама выклаў відэа з непрыстойнымі на іх думку, паводзінамі суперніц, якія быццам бы і справакавалі капітана.

Афіцыйна «Лакаматыў» ніяк не каментаваў скандальную сітуацыю, якая склалася, але рэпоснуў відэанарэзку з «неспартыўнымі» паводзінамі Каракурт у сваім тэлеграме і сабраў аншлаг з каментароў – іх там больш за шэсцьсот.

Пакуль устрымліваецца ад нейкай рэакцыі і мясцовая федэрацыя.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты