Усе навіны

Беларускі Барданоўская і Клімава заваявалі алімпійскую ліцэнзію ў веславанні на каноэ

8 траўня, 18:40

8-9 мая ў венгерскім Сегедзе праходзіць адбор на АГ ў веславанні на байдарках і каноэ.

У першы дзень турніру адбыліся чатыры фіналы, алімпійскія ліцэнзіі атрымалі толькі пераможцы вырашальных заездаў.

На дыстанцыі 500 м сярод жаночых двоек пуцёўку ў Парыж заваявалі Ангеліна Барданоўская і Вольга Клімава, яны перасеклі фінішную рысу першымі з вынікам 1 хвіліна і 54,22 секунд, на секунду апярэдзіўшы дуэт з Францыі.

Адзначым, што Барданоўская і Клімава адносяцца да спортклуба ВС Лукашэнкі.

3 мая міжнародная федэрацыя вяслярнага спорту дапусціла да ўдзелу беларускіх і расійскіх спартсменаў да алімпійскага адборачнага турніру па веславанні на байдарках і каноэ ў Венгрыі.

Нагадаем, МАК лічыць магчымым удзел у АГ спартсменаў з Беларусі і Расіі толькі ў статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) пры выкананні шэрагу патрабаванняў, сярод якіх адсутнасць «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі або Расіі. Магчымасць допуску AIN да Гульняў будзе вызначаць спецыяльна створаная МАК камісія AINERP.

Па падліках Tribuna.com, беларусы ўзялі 21 ліцэнзію на АГ-2024: раней паступілі сем у барацьбе, па тры ў плаванні i цяжкай атлетыцы, па дзве ў прыжках на батуце i акадэмічным веславанні, а таксама па адной у веласпорце, тхэквандо і стральбе. Акрамя таго, чакаюць рашэння МАК беларускія лёгкаатлеты з выкананым нарматывам, а ў шэрагу відаў з удзелам беларускіх спартсменаў кваліфікацыя на АГ працягваецца.

Алімпіяда-2024 пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня ў Парыжы.